Супраць спевака, лідара гуртоў «Ляпис Трубецкой» і «Brutto» Сяргея Міхалка заведзеная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Абраза прэзідэнта»).
Гэта вынікае з фотаздымку стэнду «Іх шукае міліцыя» у менскім аддзяленні ДАІ, які размясціў у сваім Інстаграме комік Слава Камісаранка (ягонае фота таксама ёсць на гэтым стэндзе).
Акрамя Камісаранкі і Міхалка, на гэтым жа стэндзе размешчаныя фотаздымкі фатографаў Яўгена Канаплёва і Юліі Лейдзік – іх абвінавачваюць паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Сяргей Міхалок з 2015 года жыў ва Украіне, аб пратэстах на радзіме выказваўся неадназначна, аднак заявіў, што не будзе выступаць у Беларусі да поўнай змены ўлады.
У 2020 годзе Уладзімір Зяленскі надаў Міхалку званне заслужанага артыста Украіны.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне спявак пераехаў у Эстонію, у 2023 годзе выступаў у Еўропе. Праекты «Brutto» і «Drezden», падобна, на паўзе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu