Акруговая пракуратура Варшавы па запыце рэгіянальнай пракуратуры ва Вроцлаве выдала еўрапейскі ордар на арышт былога польскага суддзі Томаша Шмыта, які ў 2024 годзе ўцёк у Беларусь і атрымаў там прытулак.
Ордар быў выдадзены 13 снежня 2024 года ў ходзе следства па справе аб «хейтарскай афёры». Шмыта шукаюць як падазраванага ў здзяйсненні злачынстваў ў складзе арганізаванай злачыннай групы, чальцы якой прыносілі шкоду суддзям агульных судоў Польшчы. Шмыта абвінавачваюць у дзеяннях, якія ўключаюць недапушчальную апрацоўку персанальных дадзеных шляхам іх раскрыцця і перадачы трэцім асобам.
,,«Еўрапейскі ордар на арышт быў выдадзены ў выніку таго, што падазраваны не знаходзіцца на тэрыторыі краны, і агульнапольскі вышук не прывёў да ягонага затрымання, а існуе перасцярога, што ён можа рабіць спробы ўезду на тэрыторыю дзяржаваў Еўразвязу», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы рэігянальнай пракуратуры Вроцлаву.
У чэрвені 2024 года ордар на арышт Шмыта ў рамках крымінальнай справы аб шпіянажы выдаў акруговы суд Варшавы.
Таксама ад 9 верасня 2024 года Шмыта шукае вроцлаўская пракуратура пасля таго, як раённы суд Вроцлаву пастанавіў арыштаваць былога суддзю на 30 содняў у якасці меры стрымання.
У кастрычніку 2024 года Польшча анулявала дзеянне пашпарту былога суддзі з мэтай абмежавання яго магчымасцяў для перасоўвання.
22 лістапада Лукашэнка падпісаў указ аб прадстаўленні Шмыту палітычнага прытулку.
Томаш Шмыт – былы суддзя Ваяводскага адміністратыўнага суду Варшавы. Летась ён уцёк у Беларусь – 6 траўня даў адтуль прэс-канферэнцыю, у якой заявіў, што ў Польшчы яго пераследуюць. Пазней абвесціў, што пачаў працу на БелТА, стварыў фонд «Польская праўда».
Як паведамляла польскае выданне «Fakt», на радзіме Шмыт пакінуў сур’ёзныя запазычанасці. Расследавальнікі таксама выказвалі здагадкі, што вербаванню Шмыта праз беларускія ўлады магло спрыяць ягонае «драматычнае» фінансавае становішча.
Марыя Міхалевіч belsat.eu