У Беларусі больш як чатыры з паловай гады не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі. Практычна штодня – затрыманні, суды і навіны пра новыя здзекі з палітвязняў. «Белсат» пераказвае, што адбылося за адзін толькі дзень 10 снежня.
У ноч на 10 студзеня ў Беларусі на пэўны час перасталі працаваць YouTube і такія сацыяльныя сеткі, як Twitch, Telegram, TikTok і Discord. Праблемы былі ў аператараў А1, МТС, Life і ByFly, але да раніцы доступ аднавіўся. Не выключана, што гэта рэпетыцыя блакавання сацсетак у дзень выбараў: YouTube у Беларусі блакавалі другую запар навагоднюю ноч, а пасля выбараў 2020 года блакавалі практычна ўвесь замежны трафік.
Рэпрэсіі працягваюцца і кропкава. Як піша праваабарончы цэнтр «Вясна», быў затрыманы чалавек, які ў ноч на 10 студзеня ў Менску на прыпынку па вуліцы Аранскай сарваў агітацыйны плакат з інфармацыяй аб кандыдатах на выбарах-2025. Праўладныя каналы пагражаюць затрыманаму «прававой ацэнкай» гэтага дзеяння.
Магчыма, у Мёрскім раёне распачалася справа з палітычным падтэкстам: дырэктарку калгасу «Мерыца» Людмілу Дзядушкевіч судзілі за «Непадпарадкаванне законным патрабаванням», піша канал «Витебск, я гуляю». Гэты артыкул Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях меў бы азначаць супраціўленне законным дзеянням сілавікоў, але часта ўжываецца як апраўданне палітычнага пераследу.
У Слоніме таксама, імаверна, палітычная справа: кагосьці Пятра Крышталя судзяць паводле артыкулу КаАП за «Парушэнне заканадаўства аб атрыманні бязвыплатнай замежнай дапамогі», пішуць праваабаронцы «Право имеют». Гэты артыкул ужываюць супраць вызваленых палітвязняў і іхных сваякоў, якія атрымліваюць дапамогу грашыма або прадуктамі харчавання.
10 студзеня меў распачацца суд над японцам Наканішы Масатошы: у ліпені настаўніка японскай мовы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны затрымалі за тое, што ён збіраў інфармацыю «пра сацыяльна-палітычную абстаноўку ў Беларусі», а таксама фатаграфваў «ваенную інфраструктуру».
Палітзняволенага Сяргея Франчука 10 студзеня зноў пачалі судзіць. Ужо асуджанаму за «Грубыя парушэнні парадку», «Распальванне варожасці» і «абразы» прадстаўнікоў улады і Аляксандра Лукашэнкі збіраюцца дадаць новае пакаранне за «Абразу прадстаўніка ўлады». Як адзначае «Вясна», Франчук – стрыечны брат прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету па абароне і нацыянальнай бяспецы.
Палітвязня Мікіту Емяльянава, які больш за пяць гадоў знаходзіцца ў зняволенні, зноў будуць судзіць ад 15 студзеня. Яму закідаюць «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» – крымінальны артыкул, паводле якога зняволеным можна фактычна бясконца і без доказаў працягваць тэрмін зняволення.
28 студзеня пачнуць судзіць 33-гадовую Алену Елькіну – лекарку-стаматолага, якую вінавацяць у «Закліках да санкцыяў» і «Стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Пад апошнім маюць на ўвазе Telegram-канал «ШапитоДичь», які Камітэт дзяржаўнай бяспекі назваў мінулым летам «экстрэмісцкім фармаваннем».
«Віцебская вясна» сабрала калекцыю фота абвестак аб вышуку, на якіх «шукаюць» вядомых палітычных эмігрантаў: вызваленых палітычных зняволеных, журналістаў і актывістаў. На што спадзяюцца сілавікі, невядома.
Магілёўскія праваабаронцы «Mayday» звяртаюць увагу на новыя правілы калоніяў: ад 1 студзеня пражыванне ў так званых гатэлях для працяглых спатканняў падаражала да 10,5 рубля за дзень. Аплата – за зняволенага і за госцяў, то бок мінімум за двух чалавек. Праваабаронцы адзначаюць, што прынамсі ў двух выпадках аплату бралі не за тых, хто начаваў у «гатэлі», а за ўсіх, хто прыходзіў на спатканне, нават калі без начоўкі.
«Медыязона» падрабязна расказала, за што сям’ю могуць паставіць у «сацыяльна-небяспечнае становішча». Дзяцей могуць паставіць на ўлік, калі бацькоў каралі за лозунг «Жыве Беларусь!» або за рэпост навіны незалежных медыяў, і ў выніку «праверак» дзіця могуць забраць з сям’і.
Але ёсць і добрыя навіны. Стала вядома, што 8 снежня на волю па сканчэнні тэрміну выйшаў палітвязень Віктар Кулінка. Ён быў затрыманы 30 сакавіка 2022 года, асуджаны за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» за тое, што перадаваў праекту «Беларускі Гаюн» фота расейскай вайсковай тэхнікі, якая ішла ў бок Украіны. У снежні не менш за 20 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны, а 49 чалавек выйшлі на волю па памілаванні, ды колькасць прызнаных палітвязнямі застаецца збольшага нязменнай: адных вызваляюць, другіх садзяць.
Еўразвяз дасць рэпрэсаваным беларускім навукоўцам гранты на даследаванні. Да 17 сакавіка можна падаць заяўку на грант на суму ад 50 тысяч еўра, умова – каб у камандзе быў хоць адзін даследнік з Беларусі, які трапіў пад рэпрэсіі ад жніўня 2020 года.
А кнігу пра лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, зняволенага лідара «Вясны» Алеся Бяляцкага, 10 студзеня выклалі ў вольны доступ.
Алесь Наваборскі belsat.eu