Вядомая даносчыца патрабавала дадаць на выбарчыя бюлетэні расейскую мову. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі адмовіў і раскрытыкаваў праўладную актывістку.
Вядомая даносчыца Вольга Бондарава звярталася ў Цэнтральную выбарчую камісію з патрабаваннем дадаць расейскую мову на бюлетэні выбараў-2025. Адказ яе абурыў: ЦВК адмовіла, а старшыня ЦВК, камуніст Ігар Карпенка раскрытыкаваў яе на старонках дзяржаўнага выдання «СБ. Беларусь сегодня».
Карпенка параіў неназваным «прадстаўнікам грамадскасці», якія «расхістваюць моўнае пытанне ўльтыматыўнымі патрабаваннямі», «крыху свае асабістыя амбіцыі адсунуць на задні план». Ён раслумачыў, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, якімі грамадзяне таксама маюць валодаць, а ЦВК выканала ўсе патрабаванні законаў, скарыстаўшыся адной з дзяржаўных моваў. Для тых, у каго ўзнікнуць праблемы з чытаннем бюлетэня, звесткі пра кандыдатаў будуць напісаныя на абедзвюх мовах на інфармацыйных стэндах або на сайце ЦВК.
«Я не бачу тут праблемы, – сказаў Карпенка. – А адносна амбіцыяў носьбітаў такіх развагаў... Я вельмі акуратна стаўлюся да падобных нацыяналістычных выпадаў. Мы павінны разумець, што ў Беларусі сёння каля 150 нацыяў і народнасцяў пражываюць, у якіх таксама могуць быць свае моўныя перавагі.
Але ж яны з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь! І, стварыўшы ўмовы для нацыянальна-культурнага развіцця ў нашай краіне, мы, вядома, усё роўна павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы: беларускую і расейскую.
Таму я не думаю, што гэта стварае нейкія вялікія перашкоды для таго, каб прыйсці на ўчастак для галасавання і прагаласаваць. Таму некаторым вось такім грамадзянам, якія праяўляюць непатрэбную актыўнасць наконт таго, на якой мове выпушчаны бюлетэнь, магу параіць адно: прыйсці на выбарчы ўчастак, папярэдне ўважліва азнаёміцца са звесткамі кандыдатаў і зрабіць свой свядомы выбар».
Хоць Карпенка не называў Бондараву па імені, яна здагадалася, што гаворка пра яе. У сваім Telegram-канале яна абурылася: «Камусьці вельмі трэба, каб прыхільнікі Лукашэнкі былі незадаволеныя». У рашэнні яна пабачыла «дыскрымінацыю расейскай мовы», якая ў Беларусі быццам бы ёсць, але яе нібыта адмаўляюць. Яна абяцала надалей пісаць скаргі, каб дамагчыся расейскамоўных бюлетэняў.
Карпенку напраўду цяжка западозрыць у сімпатыях да беларускай мовы, культуры ці гісторыі: былы старшыня праўладнай Кампартыі ў час, калі працаваў галоўным ідэолагам Менгарвыканкаму, змагаўся з беларускай лацінкай у метро, выступаў за ўвядзенне пакаранняў за «фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай вайны» (наўрад ці мелася на ўвазе тая фальсіфікацыя гісторыі, якой займаюцца ўлады Беларусі: гаворка была пра «павагу да ветэранаў»), прыпісваў Уладзіміру Леніну стварэнне першай беларускай дзяржавы.
У Беларусі тым часам дыскрымінуюць якраз беларускую мову: пра гэта ёсць цэлая кніга, якую можна бясплатна пачытаць онлайн. І незалежна ад таго, на якой мове будзе бюлетэнь, голас у ім наўрад ці палічаць.
Алесь Наваборскі belsat.eu