Следчы камітэт праводзіць правяранне паводле факту смерці двухгадовага дзіцяці ў дзіцячым садку ў Асіповічах. Ва ўстанове пацвердзілі здарэнне. Бацькам не дазваляюць казаць пра яго публічна.
Выданне «Zerkalo» паведаміла пра здарэнне ў дзіцячым садку № 12 у Асіповічах: у канцы снежня 2024 года двухгадовы хлопчык памёр падчас вячэры ад асфіксіі. Паводле суразмоўцы выдання, «ён еў блінчык і не здолеў яго пражаваць».
Суразмоўца выдання сцвярджае, што сям’і забараняюць казаць публічна пра трагедыю. Але ў Асіповіцкім райвыканкаме, куды пад выглядам жыхаркі гораду патэлефанавала журналістка «Zerkalo», здарэнне пацвердзілі.
Чыноўніца паведаміла, што выхавальнікі, якія ў дзень трагедыі былі на змене, і загадчыца дзіцячага садку працягваюць працаваць, на час правярання іх не адхілялі ад працы з дзецьмі.
,,«На якой падставе яны могуць сёння не працаваць? Вы ж нічога не ведаеце пра тое, што здарылася, – заявіла чыноўніца журналістцы. – Гэтая ўстанова працуе дзесяцігоддзямі тым складам, што і сёння, у тым ліку тыя ж выхавальнікі. Праз іхныя рукі прайшлі сотні дзяцей. Там і сёння 110 дзяцей. Усе жывыя і здаровыя».
Паводле чыноўніцы, гэта першы такі трагічны выпадак за дзясяткі гадоў, што яна працуе ў сістэме адукацыі. Цяпер высвятляецца, «хто ў ім вінаваты і ці вінаваты», і калі вінаватых выявяць, яны панясуць пакаранне, запэўнівае яна.
А таксама сцвярджае, што Следчы камітэт праводзіць следчыя дзеянні, а ў дзень трагедыі на месцы былі прадстаўнікі аддзелу адукацыі, неадкладна былі праінфармаваныя пракуратура, следчыя, райвыканкам і аддзел адукацыі аблвыканкаму.
Алесь Наваборскі belsat.eu