навіны

Трампа вызвалілі ад пакарання ў справе аб выплатах порнаакторцы за маўчанне

Доналд Трамп падчас паслявыбарчай прамовы
Доналд Трамп падчас паслявыбарчай прамовы. Фінікс, Арызона, ЗША. 22 снежня 2024 года. Фота: Gage Skidmore / Flickr, CC BY-SA 2.0
podpis źródła zdjęcia

Выбранага прэзідэнта Злучаных Штатаў раней прызналі вінаватым у фальсіфікацыі дакументаў перад выбарамі-2016. Цяпер пастанавілі, што ён пазбегне пакарання, але будзе мець судзімасць.

Доналд Трамп. Фота: Michael M. Santiago / Getty Images

Часопіс «Time» абвясціў Доналда Трампа чалавекам года

навіны

Выбраны прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп 10 студзеня атрымаў ад суддзі Хуана Мэрчана безумоўнае вызваленне ад пакарання, піша CNN. Трамп застаецца прызнаным вінаватым у злачынстве (felon), але не будзе пакараны зняволеннем, штрафамі ці іншымі абмежаваннямі.


Гэта першае ў гісторыі ЗША прызнанне былога прэзідэнта вінаватым у злачынстве. Але гэта не прысуд дзейнаму прэзідэнту: інаўгурацыя Трампа яшчэ толькі запланаваная на 20 студзеня.


У сваёй сацсетцы Truth Social Трамп выказаў незадаволенасць такім вынікам: «Не было ніякай справы, няма ніякай справы, усё гэтае махлярства мае быць скасаванае». Паводле яго, «няма злачынства, няма шкоды, няма доказаў, няма фактаў, няма закону». Прысуд Трамп выслухваў праз відэасувязь.


Трампа прызналі вінаватым паводле 34 пунктаў абвінавачання ў фальсіфікацыі фінансавай дакументацыі з мэтаю схаваць выплаты за маўчанне порнаакторцы Стормі Дэньелз сумарна на 420 тысячаў долараў (Дэньелз атрымала 130 тысячаў). Выплаты, што аформілі як ганарар за нібыта юрыдычныя паслугі, палічылі часткаю змовы з мэтаю ўплыву на прэзідэнцкія выбары 2016 года (на якіх Трамп перамог), утойвання іншых фінансавых парушэнняў і махлярства з падаткамі. Максімальным пакараннем магло быць пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.


На судзе Стормі Дэньелз давала паказанні, у якіх падрабязна расказвала пра свае інтымныя сувязі з Трампам у 2006 годзе. Трамп, які на той момант ужо быў жанаты з ягонай трэцяй і цяперашняй жонкаю Мэланіяй Трамп, адмаўляе, што меў інтымныя сувязі з порнаакторкаю і што быў датычны да фальсіфікацыі фінансавай дакументацыі.


Гэтая крымінальная справа была апошняю з распачатых супраць Трампа: раней спынілі справы аб захоўванні сакрэтных дакументаў удома і аб штурме Капітолію ў 2021 годзе, а справу аб спробе перашкодзіць зацверджанню вынікаў выбараў 2020 года прыпынілі на нявызначаны тэрмін.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10