18-гадовага канадца ў Польшчы асудзілі за шпіянаж на карысць Расеі. Суд паставіўся да яго мякка: яму прысудзілі восем месяцаў зняволення, з якіх сем ён ужо прабыў пад вартаю.
Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла 10 студзеня пра вырак 18-гадоваму грамадзяніну Канады Лакену П. Акруговы суд Варшавы 20 снежня асудзіў яго на 8 месяцаў пазбаўлення волі за «Шпіянаж» (арт. 130 Крымінальнага кодэксу, параграф 1), ужыўшы працэдуру надзвычайнага змяншэння пакарання (арт. 66 КК, параграфы 1 і 6). Малады чалавек ужо прабыў пад вартаю сем месяцаў, што ўлічылі ў тэрмін.
Справу распачалі пасля таго, як ноччу на 22 траўня 2022 года ў адным з варшаўскіх гатэляў хлопец у стане алкагольнага ап’янення заявіў, што ён расейскі шпіён, баіцца за сваё жыццё і хоча здацца паліцыі. Паліцыянты пагадзіліся яго прыняць.
У час расследавання высветлілася, што Лакена П. сапраўды завербавалі ў Данецку для супрацы агентам Федэральнай службы бяспекі Расеі. Праз Данію ён прыехаў у Польшчу, на даручэнне расейскага кіраўніка мусіў быў збіраць звесткі пра вайсковыя базы і наладжваць кантакты з вайскоўцамі. Кантакт з расейскім кіраўніком ён трымаў праз Telegram, заробак атрымліваў у крыптавалюце.
Ягоныя тэлефон і тры сім-карткі далучылі да справы, праверылі. Паводле пастановы суда, тэхніку сканфіскуюць, таксама Лакен П. мае скампенсаваць судовыя выдаткі.
Гэта далёка не першы выпадак, калі Расея вярбуе праз Telegram людзей для шпіянажу ў Польшчы. Імаверна, расейскія спецслужбы таксама ладзяць у Польшчы акты сабатажу. Бальшыня затрыманых – грамадзяне Украіны, але сярод затрыманых, абвінавачаных і асуджаных за шпіянаж у Польшчы ёсць і грамадзяне Беларусі.
Алесь Наваборскі belsat.eu