навіны

У Гданьску спалілі дом-прычэп беларускага актывіста. Ён дапамагаў бесхацінцам, цяпер сам просіць дапамогі

Спалены дом-прычэп Алега Мядзведзева
Спалены дом-прычэп Алега Мядзведзева. Фота: Zrzutka.pl
podpis źródła zdjęcia

Менш як год таму Алег Мядзведзеў купіў грузавік, у якім пачаў жыць і працаваць. Мінулай восенню ягоны дом на колах спрабавалі абрабаваць, а калі не ўдалося, спалілі. Грошай на новы дом ці арэнду жытла мужчына не мае, таму просіць дапамагчы яму.

Беларус Алег Мядзведзеў адкрыў збор сродкаў на польскім сайце «Zrzutka.pl»: хоча сабраць 18 тысячаў злотых (каля 4350 долараў) на новае жытло, бо ягоны дом на колах спалілі. На гэтую гісторыю звярнула ўвагу выданне «Most».


Алег Мядзведзеў называе сябе палітычным уцекачом: быў пакараны за ўдзел у пратэстах 2020 года (ягонае імя сапраўды ёсць у базе праваабарончага цэнтру «Вясна» сярод затрыманых 9 жніўня). Расказвае, што пераехаў у Польшчу, спачатку жыў у Лодзі, Катавіцах, нават у анархісцкім сквоце ў Варшаве (бо сам належыць да анархістаў). Калі жыў у Сопаце, набыў невялікі дом-прычэп, жыў у ім некалькі месяцаў. Але зрабілася цесна: ён займаўся распрацоўваннем настольных гульняў, бракавала месца пад 3D-прынтары і абсталяванне для лазернай рэзкі.


У лютым 2024 года Мядзведзеў купіў грузавік «AVIA A31» з домам-прычэпам. Пачаў жыць на беразе мора – у Гурках Заходніх, што ў межах Гданьску.

Дом-прычэп Алега Мядзведзева. Гданьск, Польшча. 2024 год. Фота: Zrzutka.pl
Дом-прычэп Алега Мядзведзева. Гданьск, Польшча. 2024 год. Фота: Zrzutka.pl

Паводле Мядзведзева, ягоны дом некалькі разоў спрабавалі абрабаваць. Ноччу 16 кастрычніка 2024 года двум рабаўнікам не пашанцавала – іх затрымала паліцыя. Але і Мядзведзева затрымлівалі на кароткі час, бо ў яго пры сабе быў нож, урэшце адпусцілі.


У пачатку лістапада невядомыя падпалілі ягоны дом на колах. Мядзведзеў мяркуе, што гэта магла быць помста рабаўнікоў. Машына з прычэпам цалкам згарэла. Тое, што было ў жытле Мядзведзева, таксама згарэла. Машына не была застрахаваная ад пажару, таму беларусу не ўдалося атрымаць кампенсацыю.

Алег Мядзведзеў. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Алег Мядзведзеў. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Мядзведзеў просіць дапамогі, бо не мае грошай на новае жытло. Цяпер працуе за сімвалічныя 440 злотых на месяц (крыху больш за 100 долараў) – падтрымлівае інтэрнэт-старонку няўрадавай арганізацыі. Але падкрэслівае, што мае легальны доступ да рынку працы, шмат што ўмее і гатовы да супрацы.


Як расказвае Мядзведзеў, ён дасведчаны айцішнік: web-распрацоўнік, frontend-праграміст і IT-энтузіяст, а таксама сертыфікаваны спецыяліст у Kanban-менеджменце, бізнес-адміністратар (MBA) з досведам у Scrum і іншых менеджарскіх практыках. Ягоныя профілі ёсць на LinkedIn і GitHub.


Таксама Мядзведзеў заснаваў у Сопаце прастору «44hackerspace». Ён сярод іншага актывіст ініцыятывы «Ежа супраць бомбаў» (бясплатную ежу для бесхацінцаў раздаюць па нядзелях пад скульптурай Нептуна ў Гданьску), супрацоўнічаў з гуманітарнай ініцыятываю «Caritas» Гданьскай архідыяцэзіі і з UNICEF, нават быў намінаваны на «валанцёра года» ў Сопаце ў 2022 годзе.


Акрамя таго, у юнацтве Мядзведзеў быў чэмпіёнам Беларусі ў шахматах, займаў 9-е месца на чэмпіянаце Еўропы, у Польшчы ладзіў бясплатныя шахматныя турніры. Таксама ён сертыфікаваны кіраўнік пешых і роварных тураў 1-й і 2-й катэгорыі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10