Рэгіянальны праваабарончы сайт «Віцебская Вясна» са спасылкаю на інфармацыю з дасведчаных крыніцаў раскрыў падрабязнасці смерці двух міліцыянтаў у Віцебску 9 студзеня.
Паводле звестак праваабаронцаў, у адным з віцебскіх райаддзелаў міліцыі адзін з працаўнікоў міліцыі чысціў пісталет і выпадкова стрэліў. Куля трапіла ў саслужыўца, і ён загінуў на месцы. Ягоны калега, убачыўшы, што здарылася, застрэліўся сам. Абодвум загінулым было каля 20 гадоў.
Першымі пра здарэнне паведамілі ў МУС Беларусі. У Следчым камітэце заявілі, што «асноўная версія здарэння – неасцярожнае абыходжанне з агнястрэльнай зброяй». Паводле яго, загінулі два ўчастковыя інспектары. Тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю! | Новости Витебска» пісаў са спасылкаю на свае крыніцы, што ў пункце аховы правапарадку працаўнік міліцыі застрэліў напарніка, потым застрэліўся сам.
Якуб Хруст belsat.eu