У палацы Бэльвэдэр прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас калядна-навагодняй сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі беларускай грамадскасці пажадаў, каб у Беларусі як мага хутчэй адбыліся палітычныя перамены.
Палітык зычыў, каб «Беларусь ізноў здабыла свабоду, суверэнітэт, сапраўдную незалежнасць і зрабілася дэмакратычнай краінаю», заявілі ў прэс-службе польскага прэзідэнта.
«Я ведаю, што яшчэ ў гэтым месяцы ў Беларусі адбудуцца так званыя выбары, што, верагодна, не будуць мець анічога агульнага з дэмакратычнымі выбарамі, а гэта значыць, што нас чакае зноў тое, што мы ўжо назіралі, – проста махлярства», – заявіў Анджэй Дуда.
Прэзідэнт Польшчы адзначыў узмацненне пераследу ў Беларусі, у тым ліку прысуд ксяндзу Генрыку Акалатовічу, асуджанаму ў снежні за нібыта здраду дзяржаве, і іншым святарам. Апроч таго, на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай ён абмеркаваў лёс «Анджэя Пачобута і ўсіх тых, хто чакае здабыцця свабоды і вяртання свабоды да іх радзімы».
Анджэй Дуда пажадаў усёй беларускай грамадзе ў Польшчы вярнуць сабе свабодную, суверэнную і незалежную Радзіму:
«Мне б хацелася, каб вам было добра з намі, каб вы ведалі, што Польшча прыязная да вас, што гэта не толькі суседняя краіна, але і ў нейкім сэнсе вашая другая радзіма, краіна, што вітае вас і ўважае не толькі гасцямі, але перадусім братамі, – сказаў ён. – У мяне ёсць унутранае адчуванне, што гэта не толькі сяброўская сустрэча, але і братэрская сустрэча двух народаў, што маюць столькі сувязяў і настолькі этнічна звязаныя, што іх сапраўды цяжка раз’яднаць. І я веру, што ніхто і ніколі іх не падзеліць. Усяго найлепшага!»
Святлана Ціханоўская падчас свайго візіту таксама сустрэлася з прэм’ерам Польшчы Дональдам Тускам, міністрам замежных справаў Радославам Сікорскім і іншымі польскімі палітыкамі.
«Мы абмяркоўвалі і практычнае падтрыманне для Беларусі. Напрыклад, прэм’ер-міністр Туск запэўніў мяне, што міграцыйныя абмежаванні не закрануць беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў, – сказала 9 студзеня Ціханоўская. – Мы павінны падтрымліваць мабільнасць беларусаў, таксама стыпендыі і абмены. Таксама я прасіла пра выдачу большай колькасці візаў беларусам, каб захоўваць сувязь беларусаў з Еўропаю».
Апрача таго, яна нагадала пра санкцыі, каб прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасці за злачынствы ў Беларусі і ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны. Таксама на кожнай сустрэчы абмяркоўвалася пытанне вызвалення палітвязняў.
Якуб Хруст belsat.eu