На гэтым тыдні жыхары Гомельскай вобласці паведамлялі, што былі чутныя моцныя выбухі. Афіцыйнай інфармацыі наконт гэтага не было.
Як піша «Флагшток», у ноч з 7 на 8 студзеня жыхары Навабеліцкага раёну Гомля і пасёлку Чонкі позняй ноччу пачулі гук моцнага выбуху. Паводле відавочцы, «бабах моцны быў з боку лесу на поўдзень ад Гомля».
Таксама паступіла непацверджаная інфармацыя пра моцны выбух у ваколіцах вайсковага аэрадрому «Зябраўка», што прагучаў днём раней.
На вайсковым аэрадроме «Зябраўка», паводле звестак «Беларускага Гаюна», дагэтуль месціцца расейскі вайсковы кантынгент. У жніўні 2022 года там было чуваць выбухі. Таксама на Гомельшчыну рэгулярна залятаюць расейскія «шагэды», што бяруць удзел у атаках на Украіну.
У некаторых выпадках беспілотнікі перахоплівае беларуская авіяцыя. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў ваколіцах Гомля ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. 3 кастрычніка дрон упаў у Калінкавічах. Жанчыну, камера на доме якой зафіксавала яго падзенне, затрымалі сілавікі. Над Ельскім раёнам беспілотнік быў збіты ўначы 20 кастрычніка.
Якуб Хруст belsat.eu