навіны

Пяскоў заявіў, што Пуцін ужо выбачыўся перад Аліевым. Але таму гэтага недастаткова

Ільхам Аліеў і Уладзімір Пуцін. Фота: aa.com.tr
Ільхам Аліеў і Уладзімір Пуцін. Фота: aa.com.tr
podpis źródła zdjęcia

Прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў прэтэнзіі прэзідэнта Азербайджану Ільхама Аліева адносна вінаватасці Расеі ў падзенні азербайджанскага самалёта.

«Прэзідэнт [Уладзімір] Пуцін і прэзідэнт [Ільхам] Аліеў двойчы гаварылі праз тэлефон. Дадзеныя неабходныя даручэнні следчым органам, аказваецца ўсё неабходнае спрыянне і ўзаемадзеянне ў расследаванні прычынаў гэтай аварыі. Прэзідэнт Пуцін перапрасіў і выказаў словы шкадавання», – сказаў Дзмітрый Пяскоў, перадае РБК.

Паводле яго, Крэмль чакае вынікаў працы камісіі, што расследуе справу ў Казахстане і Азербайджане, каб высветліць прычыны трагедыі.

Самалёт авіякампаніі «Азербайджанскія авіялініі», што разбіўся ў Казахстане 25 снежня 2024 года. Фота: @qr_tjm / Telegram

Азербайджанскі эксперт: Крамлю не ўдасца пазбегнуць адказнасці за збіты самалёт

навіны

Нагадаем: 25 снежня каля Актаў у Казахстане разбіўся самалёт «Embraer 190», што выконваў рэйс J28243 з Баку ў Грозны. На борце былі 67 чалавек – 62 пасажыры і 5 чальцоў экіпажу. Пасля ўзнікнення пазаштатнай сітуацыі на борце дыспетчары адмовілі яму ў пасадцы ў Грозным і Махачкале. Лайнер некалькі разоў спрабаваў здзейсніць вымушаную пасадку і быў перакіраваны праз Каспійскае мора ў Казахстан. Не даляцеўшы да аэрапорту Актаў некалькі кіламетраў, самалёт упаў пасярод стэпу і выбухнуў. Насавая частка цалкам згарэла, хваставая адвалілася і ацалела. Менавіта ў ёй былі 29 пасажыраў, якія выжылі. Іх даставілі ў шпіталь Актаў.

Пазней сталася вядома, што прычына няспраўнасцяў у самалёце – вонкавае ўздзеянне, а менавіта абстрэл з расейскіх сродкаў паветранай абароны. Пуцін выказаў прабачэнні прэзідэнту Аліеву ў звязку з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі. Але Аліева гэта не задаволіла, і 29 снежня ён пацвердзіў, што самалёт атрымаў пашкоджанні ў выніку абстрэлу з зямлі. Паводле яго, у першыя дні ад Расеі не было «нічога, акрамя версіяў, поўных трызнення», што «адкрыта паказвала: расейскі бок хоча замяць пытанне, і гэта, вядома, нікому не робіць гонару».

6 студзеня на сустрэчы з сем’ямі загінулых чальцоў экіпажу Аліеў «з упэўненасцю» заявіў, што «віна за гібель грамадзянаў Азербайджану ў гэтай аварыі ляжыць на прадстаўніках Расейскай Федэрацыі». «Мы патрабуем справядлівасці, мы патрабуем пакараць вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасці і гуманных паводзінаў», – сказаў ён.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10