Раман Зайцаў, сын «гаманца» Аляксандра Лукашэнкі Аляксандра Зайцава і пісьменніцы Вольгі Грамыкі, супольна валодае афіцыйным прадстаўніком і эксклюзіўным дыстрыб’ютарам кітайскага брэнду «Shineray» у Беларусі – кампаніяй «Лакшэры Мотарс груп».
Як паведамляе «Бюро», арганізацыя зарэгістраваная ў менскім бізнес-цэнтры «Няміга-сіці», дзе размяшчаюцца офісы кампаніяў, звязаных з Аляксандрам Зайцавым, Аляксеем Алексіным і Мікалаем Вераб’ём. Акрамя Рамана Зайцава, які мае 50 %, «Лакшэры Мотарс груп» валодаюць Павел Садоўнікаў (40 %) і Аляксандр Гурскі (10 %). Садоўнікаў валодае і іншаю кампаніяй – «Лакшэры Мотарс плюс», афіцыйным дылерам «Geely» ў Беларусі.
Кампанія «Лакшэры Мотарс груп» з’явілася ў чэрвені 2023 года. Першапачаткова яна была толькі афіцыйным прадстаўніком і эксклюзіўным дыстрыб’ютарам кітайскіх аўтамабіляў «Shineray» у Беларусі. Але ў верасні 2024-га суўладальнік і ў сумяшчальніцтве дырэктар кампаніі Садоўнікаў расказаў выданню myfin.by, што кампанія запускае серыйны збор «Shineray» у Беларусі.
Машыны збіраюцца на заводзе «Юнісон», які да гэтага збіраў іранскія аўтамабілі «Samand». Рашэнне збіраць аўтамабілі «Бюро» звязвае з прэферэнцыямі, якія дае дзяржава для беларускай зборкі і якія адаб’юцца на канечным кошце аўтамабіля.
Нагадаем, Аляксандр Зайцаў – адзін з самых знакамітых беларускіх прадпрымальнікаў. Паводле некаторых ацэнак, ён уваходзіць у дзясятку самых паспяховых бізнесоўцаў у краіне. У розныя гады займаў дзяржаўныя пасады. Быў памочнікам прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, а таксама Віктара Лукашэнкі. Таксама вядомы тым, што быў спонсарам футбольнага клубу «Дынама» (Берасце). Праз падтрыманне ўладаў Аляксандра Лукашэнкі і расейскай агрэсіі супраць Украіны кампаніі Зайцава цяпер пад санкцыямі ЕЗ і ЗША, акрамя таго, ён пад персанальнымі санкцыямі шмат якіх краінаў.
Якуб Хруст belsat.eu