навіны

У беларускіх і расейскіх перавознікаў узніклі праблемы з дастаўкамі ў Казахстан і праз яго

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Казахстан з 1 студзеня аднавіў абмежаванні пры перавозах на сваю тэрыторыю з перагружэннем і заменаю цягача. Пра гэта паведамілі ў Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавознікаў.

БАМАП просіць улічваць гэтую інфармацыю пры выкананні аўтамабільных перавозаў грузаў па тэрыторыі Казахстану.

«Каб пазбегчы магчымых праблемаў, настойліва раім з 1 студзеня 2025 года ўстрымацца ад ажыццяўлення перавозаў у Казахстан з выкарыстаннем механізму перачэпкі або перагружэння грузаў з трэціх краінаў, што раней былі дастаўленыя на тэрыторыю Расеі ці Беларусі перавознікамі з Еўразвязу», – адзначае расейская Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавознікаў.

У 2022 годзе ў адказ на ўвядзенне Еўразвязам абмежаванняў на ўезд беларускіх і расейскіх перавознікаў Менск абвясціў падобную забарону для еўрапейскіх цяжкавікоў. У выніку еўрапейскім перавознікам дазволілі заязджаць у Беларусь толькі да пункту перагрузу і перачаплення, дзе грузы мусілі перагрузіць у машыны беларускіх кампаніяў. Але гэта супярэчыла правілам перавозаў у Казахстане, праз што беларускія перавознікі там сутыкнуліся з пагрозамі штрафаў і затрымання машынаў. У выніку Казахстан прыпыніў для Беларусі і Расеі дзеянне пунктаў правілаў, якія абмяжоўвалі перавоз з перачапленнем і перагружэннем.

Адпаведны загад профільнага міністра дзеяў да 1 студзеня 2025 года. У 2024-м у Казахстане абмяркоўваўся працягненне дзеяння гэтай нормы, але пакуль яго так і не ўвялі. Як следства, абмежаванні для беларускіх і расейскіх перавознікаў вярнуліся з новага года. 6 студзеня Міністэрства транспарту Казахстану паведаміла беларускім калегам, што неабходны дакумент, які б скасаваў абмежаванні, усё яшчэ на ўзгадненні.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10