навіны

Таямнічы напад на прэзідэнцкі палац у Чадзе: што вядома і невядома

Прэзідэнцкі палац у Нджамэне. Фота: la-croix.com
Прэзідэнцкі палац у Нджамэне. Фота: la-croix.com
podpis źródła zdjęcia

Улады цэнтральнаафрыканскай краіны Чад заявілі пра адбіццё атакі баевікоў на прэзідэнцкі палац у сталіцы краіны Нджамэне. Пры гэтым з афіцыйных паведамленняў незразумела, што канкрэтна адбывалася.

Паводле ўладаў Чаду, увечары 8 студзеня 24 баевікі напалі на прэзідэнцкі палац у Нджамэне. Пры гэтым заяўляецца, што атака была адбітая, а 18 нападнікаў забітыя і 6 параненыя. Сярод абаронцаў палацу, як паведамляецца, адзін забіты і тры параненыя, піша «La Croix».


Выданне адзначае, што моцная страляніна была чутная на працягу амаль гадзіны ў ваколіцах прэзідэнцкае адміністрацыі, а затым спынілася каля 22:50 паводле менскага часу. Усе дарогі, што вядуць да прэзідэнцкага палацу, былі хутка закрытыя для руху транспарту. На вуліцах былі расстаўленыя танкі, а на рагах вуліц размясціліся ўзброеныя паліцэйскія.

,,

«Сітуацыя цалкам пад кантролем. ... Уся гэтая спроба дэстабілізацыі была выкараненая», – заявіў Абдэраман Куламала, прэс-сакратар ураду Чаду і міністр замежных справаў.


Пры гэтым, пазней міністр заявіў, што напад, «імаверна, не быў тэрарыстычным», хоць перад тым хадзілі чуткі, што за ім стаялі джыхадысты «Бо-ко Харам», якія прыехалі «ў стане наркатычнага і алькагольнага ап’янення» са «зброяю, разакамі і нажамі».

Паводле міністра, высадзіўшыся з машыны перад прэзідэнцкім палацам, нападнікі парэзалі чацвярых ахоўнікаў. Затым яны ўвайшлі ў будынак, дзе па іх яшчэ адзін ахоўнік адкрыў агонь. Куламала заявіў, што «іх было вельмі лёгка перамагчы».

Міністр адзначыў, што ў нападнікаў былі з сабою маленькія бутэлечкі, «напоўненыя алкаголем», накшталт віскі, а шасцёра тых, хто выжыў былі «цалкам адурманеныя». Пры гэтым, насуперак ранейшым заявам пра цяжкаўзброеных баевікоў, ён падкрэсліў, што ў нападнікаў не было «ніякай баявой зброі». Паводле яго, гэта быў «зусім адчайны» напад, «зусім не зразумелы» і без «сур’ёзнай» прычыны.

Прэзідэнт Махамат Ідрыс Дэбі Ітна быў у палацы падчас нападу, паведаміў Куламала без усялякіх падрабязнасцяў. Ён адзначыў, што «цяпер нішто не пагражае краіне».

Напад пасля візіту міністра з Кітаю

Чад – бедная краіна ў Афрыцы, што не мае выхаду да мора. Махамат Ідрыс Дэбі кіруе ёю з 2021 года, ён змяніў на пасадзе свайго бацьку, які быў забіты паўстанцамі на фронце. У траўні 2024 года палітык пераабраўся на новы тэрмін.

У канцы лістапада 2024 года Чад нечакана абвясціў пра спыненне дзеяння вайсковага пагаднення з Францыяй, што азнаймавала заканчэнне 60 гадоў вайсковай супрацы. Раней французскія войскі дапамагалі ўладам Чаду спыняць наступ джыхадыстаў, як, напрыклад, у 2008 і 2019 гадах.

У канцы кастрычніка, паводле ўладаў Чаду, у выніку нападу «Бо-ко Харам» на вайсковую базу там загінулі 15 вайскоўцаў. У адказ Дэбі асабіста ўзначаліў аперацыю супраць ісламістаў.

Напад 8 студзеня адбыўся праз некалькі гадзінаў пасля візіту ў Нджамэну міністра замежных справаў Кітаю Ўан І, які правёў некалькі сустрэчаў з лідарамі Чаду, у тым ліку адну ў прэзідэнцкім палацы з Дэбі.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10