Улады Беларусі працягваюць абвяшчаць рэсурсы «Белсату» «экстрэмісцкімі» матэрыяламі, спіс якіх вядзе Міністэрства інфармацыі. Таксама пад рэпрэсіі трапіў сайт «Petitions.by удобный город» і шэраг іншых матэрыялаў.
Згодна з пастановаю суда Лідскага раёну ад 30 снежня 2024 года экстрэмісцкімі прызнаныя TikTok-акаўнт belsat¬_l і ягоны лагатып. Варта адзначыць, што менавіта ў такім напісанні ў «Белсату» няма акаўнту. Магчыма, гаворка вядзецца пра belsat_l, але ў спісе Мінінфармацыі адрозніваецца і прадстаўленая ўладамі спасылка.
Таксама ў спіс трапіў сайт «Petitions.by удобный город» – сэрвіс для падачы публічных калектыўных зваротаў да органаў улады – і ягоныя акаўнты ў Instagram, Facebook, Telegram і Telegram-чату «Клуб Комментаторов Petitions.by». Сайт з 2021 года быў заблакаваны ў Беларусі, бо, паводле Мінінфарму, на ім збіралі подпісы пад петыцыямі «пратэставага характару» і петыцыямі, што змяшчаюць інфармацыю, якая дыскрэдытуе ўлады.
Апроч таго, у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі TikTok-акаўнты «ZA САБАЦЬКУ», «this_is_hrodna», Telegram-каналы «ГУРНЕВІЧ», «Міраслаў». Таксама незразумела і з прызнаннем экстрэмісцкім акаўнту «free_bird_by», які падаецца адначасова як старонка і ў Telegram, і ў Instagram.
Якуб Хруст belsat.eu