Абраны Доналдам Трампам спецпрадстаўнік у пытаннях Украіны і Расеі Кіт Келаг у інтэрв’ю Fox News назваў сваёй мэтай на працягу 100 дзён з інаўгурацыі новага прэзідэнта паспрабаваць знайсці рашэнне поўнамаштабнай вайны.
Паводле Кіта Келага, у новай адміністрацыі «мала часу» для пошуку развязання поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
«Людзям трэба разумець: ён не спрабуе нешта даць [Уладзіміру] Пуціну ці расейцамі, ён насамрэч спрабуе выратаваць суверэнітэт Украіны і гарантаваць. І ён будзе гарантаваць, што гэта справядліва і сумленна», – падкрэсліў ён.
Келаг назваў «самай вялікай памылкай» Джо Байдэна адмову гаварыць з Пуціным пасля 2022 года, тады як Доналд Трамп настроены гэта зрабіць. На яго думку, новы прэзідэнт здолее зрабіць прымальную прапанову Пуціну і Уладзіміру Зяленскаму «ў кароткатэрміновай перспектыве».
Раней Келаг заяўляў, што рыхтуе візіты, каб выслухаць пазіцыю бакоў поўнамаштабнай вайны. Паведамлялася, што ён павінен быў прыехаць у Кіеў у студзені, але візіт адклалі.
7 студзеня абраны прэзідэнт ЗША Трамп абвінаваціў адміністрацыю Байдэна ў некампетэнтнасці і адзначыў, што гэта сталася прычынаю пачатку вайны ва Украіне.
«Я думаю, Расея пайшла і атакавала Украіну, бо ўбачыла, што гэтыя хлопцы [адміністрацыя Байдэна. – рэд. belsat.eu] некампетэнтныя. Яны не ведаюць, што робяць. Але мы ведаем, што робім, і ўсё гэта скончыцца. У нас вялікая армія», – сказаў ён.
Таксама Трамп адзначыў, што вялікаю праблемаю Расеі ёсць Украіна ў складзе NATO.
Раней Трамп казаў, што хоча спыніць вайну ва Украіне, нават зрабіў бы гэта «за 24 гадзіны». Таксама Трамп абяцаў «перадухіліць трэцюю сусветную вайну». Як менавіта, не раскрывае.
Якуб Хруст belsat.eu