Зяленскі зноў робіць відавочным тое, што спрабуе схаваць пад дыван, не заўважаць уся беларуская наменклатура і прыдадзеная ёй у дапамогу дзяржпрапаганда.
Давайце паўторым для замацавання – у лютым 2022 года Аляксандр Лукашэнка стаў яшчэ і ваенным злачынцам, парушыўшы ўсе дамовы аб міры (ды адначасова і ўласную Канстытуцыю) і перадаўшы тэрыторыю Беларусі расейскім войскам у якасці плацдарма для нічым не справакаванай агрэсіі супраць незалежнай Украіны.
Эпізодамі гэтай агрэсіі былі і прадастаўленне аэрадрома ў Мачулішчах для расейскай баявой авіяцыі, і пускі ракет з тэрыторыі Беларусі непасрэдна ў бок Кіева. Напамін пра гэтыя цёмныя (ад крыві ўкраінцаў) пляміны на рэпутацыі рэжыму выклікае істэрыку і ў прэс-сакратара Наталлі Эйсмант, і ў кандыдата Алега Гайдукевіча, і ў неспакойнага Грышы Азаронка, які размясціў ажно 11 пастоў у сваім тэлеграм-канале, даказваючы, што «не было гэтага», а калі і было, то «самыя вінаватыя».
,,Між тым такая лютая рэакцыя, дапоўненая здзіўленнем самога Лукашэнкі («Ды чаго ён? Здаецца ж нармалёва размаўлялі») даказвае толькі адно – было.
Не, тое, што Беларусь паўдзельнічала ў агрэсіі, справядліва зазнала санкцыі, і асноўная расплата за саўдзел яшчэ наперадзе – не выклікала сумневаў і да інтэрв'ю Зяленскага. Была сама размова паміж Зяленскім і Лукашэнкам у першыя дні вайны з ініцыятывы вельмі засмучанага Мікалая Лукашэнкі, у якога, мабыць, корпаюцца яшчэ рэшткі сумлення праз маладосць. І ў гэтай размове беларускі дыктатар сапраўды сказаў «гэта не я, гэта Пуцін з маёй тэрыторыі», і (што павінна асабліва натхніць мазырчукоў) прапанаваў Зяленскаму ў адказ разбамбіць Мазырскі НПЗ, паводле рэжыма «вока за вока».
У гэтых двух фразах, як у кроплі вады, адлюстроўваецца погляд Аляксандра Лукашэнкі на адносіны паміж краінамі і людзьмі.
1. Супраціўляцца Пуціну немагчыма. І мы ж гэта бачылі / чулі ўжо не раз. Гэта не выпадковасць. У гэтым эпізодзе выглядае так, як быццам тое, што ракеты з тэрыторыі Беларусі запускае Пуцін, павінна неяк апраўдваць Лукашэнку. Цікава, ці ў яго і не пыталіся? Гэта значыць наогул не паставілі ў вядомасць? Як склалася такая сітуацыя, што і самалёты ўзлятаюць, і ракеты ляцяць, і танкі перасякаюць мяжу, а грамадзянін, які лічыць сябе прэзідэнтам краіны, нічога з гэтым зрабіць не можа? Я нагадаю, гэту адмазку «гэта не я, гэта Пуцін» ён ужо апрабаваў на публіцы, калі вырашыў растлумачыць (у інтэрв'ю замежнаму карэспандэнту), як жа здарылася, што расейскія войскі павінны былі быць выведзены ў Расею, а павярнулі на Чарнігаў. І, для аматараў нашай найноўшай ужо гісторыі, я таксама нагадаю, што на сустрэчы ў СІЗА КДБ у верасні 2020-га Лукашэнка прагаварыўся пра тое ж: «Пуцін бы вас хутка зжор».
Разумеючы такое стаўленне да Пуціна, можна ўявіць, які пералом свядомасці здарыўся ў нашага дамарослага геастратэга, калі Зяленскі не толькі не здаўся за тры дні (ці тры тыдні) а ўжо тры гады захоўвае незалежнасць Украіны, на кароткай назе з сусветнымі лідарамі (не з прэзідэнтам Зімбабвэ або Венесуэлы) і шле «боскага» Пуціна на ўсе тры. У гэтай плоскасці, у плоскасці стасункаў з Расеяй, Зяленскі выглядае як сапраўдны «АнтыЛукашэнка», дэманструе цалкам адваротны спосаб паводзін.
2. У Беларусі ўсё належыць Лукашэнку. На словах, на публіцы, гэта ўсё – «нашае», народнае, але гэта ж гульня, фігура мовы. Насамрэч і Гомельская вобласць яго, і горад Мазыр, і нафтазавод, і людзі, гараджане, супрацоўнікі завода таксама, як халопы, прыгонныя, належаць асабіста яму, маркізу Карабасу.
Сама прапанова «разбамбіць завод» – не такая ўжо і бессэнсоўная. Калі, вядома, дыялог вядуць не два кіраўнікі незалежных дзяржаў, а верхаводы злачынных кланаў, сем'яў мафіі. У тых колах, мяркуючы па фільмах і серыялах, цалкам нармалёва, калі за забойства аднаго прапануецца годная сатысфакцыя – магчымасць загубіць каго-небудзь са сваіх, адпаведнага рангу, і на гэтым спыніць канфлікт. Ды а што? Што не так? У чым праблема? «Баш на баш», «вока за вока»? Свет беларускай дзяржаўнай прапаганды, беларускай афіцыйшчыны, у якой Лукашэнка – гарант міру і свет «здаровага чалавека», у якім менавіта яго асабістая прамая падтрымка альбо яго ж злачынная бяздзейнасць (праз нібыта немагчымасць супраціўляцца Пуціну) і прывялі да трагедыі, да вайны ва Украіне, і лік загінулых ідзе на сотні тысяч, а вымушана пакінулі свае хаты – на мільёны... Гэтыя два светы ніколі не прыйдуць да згоды.
Адзін з іх будзе разбураны, і ў мяне ёсць абгрунтаванае здагадка, які менавіта.
P.S. Калі пакінуць у баку развагі, то застаецца толькі сорам. 70-гадовы мужык, які лічыць сябе вернікам, прама на Каляды, знаходзячыся ў царкве, дазваляе сабе хлусіць так, як быццам ніхто не пабачыць, не пачуе і не зразумее. Ды добра людзі, але ты ж у царкве.
belsat.eu / MB