навіны

Імітацыйны гуманізм з Бабарыкам і суд над вядомай блогеркаю. Рэпрэсіі 8 студзеня

img
Віктар Бабарыка ў наваполацкай ПК № 1. Фота: sprava_by / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Улады пры пасярэдніцтве Рамана Пратасевіча ўпершыню амаль за два гады паказалі Віктара Бабарыку. Палітвязень моцна схуднеў, пры гэтым у відэазвароце да сваякоў ён размаўляе з добрай усмешкай, ласкавым голасам. Бабарыку дазволілі напісаць лісты родным – тое, на што зняволеныя маюць права, калі б не учынены ўладамі рэжым інкамунікада.

«Выглядае як карцінка для ЗША – купляйце хутчэй, пакуль жывы і здаровы», – так справаздачу з сустрэчы Віктара Бабарыкі з Раманам Пратасевічам пракаментаваў праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка:


«Выглядае Віктар Дзмітрыевіч стомленым, але не да канца зламаным. Для чалавека, якому ўжо за 60 і якому на галаву зваліліся такія выпрабаванні, я сказаў бы: норм».

Віктар Бабарыка. Фота: Скрыншот тэлеграм-каналу Рамана Пратасевіча
«Паказны, імітацыйны гуманізм». Чаму ўлады нарэшце паказалі Віктара Бабарыку навіны

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч звязаў з’яўленне Бабарыкі з ранейшай публікацыяй звестак пра сустрэчу Марыі Калеснікавай з бацькам і з леташнім вызваленнем больш як 200 палітвязняў.


Гэта можна разглядаць як сігнал беларускаму грамадству напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня: «прадэманстраваць паказны, імітацыйны гуманізм» на тле новых рэпрэсіяў і затрыманняў, паказаць, што ўлады не такія жорсткія і гатовыя да нейкіх гуманных крокаў, адзначыў Карбалевіч. Другі адрасат гэтага сігналу – Захад, «каб разам з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй легітымізавацца ў вачах заходніх палітыкаў і заходніх інстытуцыяў».


Аналітык не выключае з’яўлення ў будучыні кадраў і з іншымі знакавымі палітвязнямі, як і памілавання пэўнай колькасці палітычных зняволеных.


Праваабаронцы «Вясны» звярнулі ўвагу на жоўтую бірку на вопратцы Бабарыкі і лічбы ў левым ніжнім куце: 3 і 10. Яны азначаюць прафілактычныя ўлікі, на якія паставілі палітыка. Нумар 3 – «схільны да нападзення на адміністрацыю, захопу закладнікаў і праявы агрэсіі», нумар 10 – «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Віктар Бабарыка ў наваполацкай ПК № 1. Фота: sprava_by / Telegram
Віктар Бабарыка ў наваполацкай ПК № 1. Фота: sprava_by / Telegram

У Гомлі будуць судзіць блогерку Вікторыю Гусараву. Яе абвінавачваюць у «распальванні варожасці». Справу разгледзяць у абласным судзе, працэс, які пачнецца 17 студзеня, будзе весці Алеся Осіпава.


У блогеркі, якая публікуецца пад нікам «gusarev_ka», больш за 32 тысячы падпісантаў у «Instagram» і больш за 17 тысячаў – у «TikTok». Яе апошнія допісы датаваныя вераснем, пад імі людзі пішуць, што дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА.

Вікторыя Гусарава. Крыніца: viasna96 / Telegram
Вікторыя Гусарава. Крыніца: viasna96 / Telegram

Таксама ў Гомелі плануецца суд над жанчынай з інваліднасцю, якую раней намагаліся выселіць з жылля, а цяпер абвінавачваюць у «паклёпе на Лукашэнку». Працэс пачнецца 13 студзеня, справу разгледзіць суддзя Дзмітрый Юр'евіч.


Наталля Васіленка з 1976 года жыве ў арэндным пакоі ў трохпакаёўцы, аднак з увагі на праблемы са здароўем і цяжкі фінансавы стан займела запазычанасць за камунальныя паслугі. Гомельскае рамонтна-эксплуатацыйнае ўнітарнае прадпрыемства «Савецкае» неаднойчы падавала ў суд з патрабаваннем выселіць Наталлю на вуліцу, аднак, калі гісторыя набыла розгалас, жанчыне дапамагалі з аплатай розныя людзі.

Наталля Васіленка. Крыніца: viasna96 / Telegram
Наталля Васіленка. Крыніца: viasna96 / Telegram

На Гомельшчыне былых палітвязняў запрасілі ў міліцыю ў дзень выбараў 26 студзеня. Гэта адбылося 6 студзеня падчас «прафілактычнай гутаркі» з асобамі, якія знаходзяцца на ўліку. Тады іх запрасілі на яшчэ адну такую ж гутарку, толькі ўжо ў нядзелю, асноўны дзень галасавання. На заўвагі людзей міліцыянт адказаў: «Ну паспрабуйце схадзіць прагаласаваць, паглядзім, чым гэта скончыцца для вас. Вы сваё ўжо адгаласавалі ў 20-м годзе».


У 2024 годзе ў Беларусі з'явілася 89 «экстрэмісцкіх фармаванняў», падлічылі праваабаронцы «Вясны». У пералік залучылі 10 медыяў, кааліцыі, што балатаваліся на выбарах у Каардынацыйную раду, тэатральную трупу «Вольныя купалаўцы», шэраг грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў, замежныя фонды. Агулам у нашай краіне цяпер 257 «экстрэмісцкіх фармаванняў». За любую супрацу з імі пагражае зняволенне.


Сетку ўкраінскіх Telegram-каналаў «Труха» прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Агулам у «чорны спіс» дадалі 50 каналаў. Так пастанавіў суд Чыгуначнага раёну Гомля. Нагода – «публікацыя загадзя ілжывых звестак пра Беларусь, удзел у дэструктыўнай прапагандзе і інфармацыйных укідах». Галоўны канал сеткі – «Труха Україна» – мае больш за 2 мільёны 680 тысячаў чытачоў.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10