навіны

«Лепш дыктатура, як у Беларусі, чымся дэмакратыя, як ва Украіне». Лукашэнка пра сваю ж прапанову Украіне ўдарыць па Мазырскім НПЗ

Аляксандр Лукашэнка падчас службы на Раство ў святыні Мікалая Цудатворца ў Лагойску разважаў пра вайну. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падчас службы на Раство ў святыні Мікалая Цудатворца ў Лагойску разважаў пра вайну. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Калі сцісла, то не зняпраўджваў словаў Зяленскага, але зноў ува ўсім абвінаваціў Захад.

На трэці дзень пасля таго, як Уладзімір Зяленскі расказаў, што Лукашэнка ў першыя дні вайны прапанаваў яму ўдарыць па Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў якасці «кампенсацыі», на ягоныя словы пастанавіў адказаць і сам Лукашэнка. 

Падчас службы на Раство той наведаў святыню Мікалая Цудатворца ў Лагойску і ў звыклай манеры абвінаваціў ува ўсім Захад і Зяленскага, але пры гэтым не зняпраўджваў таго, што сам прапаноўваў Зяленскаму бамбаваць нафтаперапрацоўчы завод у Беларусі:

«Там [за мяжою] цісне. Вось трэба і нас уцягнуць у гэтую вайнушку. Чаму Валодзя Зяленскі сябе так паводзіць? Мы ўжо нармальна з ім былі, у добрых стасунках. І мая маленькая сям'я таксама. Чаго ён вякае, чаго яму нестае? Яму даюць каманду. Трэба ўсяляк рабіць усё, каб уцягнуць краіну ў вайну», цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Потым ізноў згадаў пра Бога і загаварыў пра тое, што, калі Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну, то яна можа «не вытрымаць як дзяржава». Хоць Беларусь ужо амаль тры гады ўцягнутая ў вайну.

«Нам трэба вытрымаць. Няхай кажуць, што ў нас тут дыктатура, яшчэ штосьці. Слухайце, лепш такая дыктатура, як у Беларусі, чымся такая дэмакратыя, як ва Украіне. Нам трэба вытрымаць гэта. Ні ў якім разе нельга шарахацца», – сказаў Лукашэнка.

Нагадаем: Уладзімір Зяленскі ў трохгадзінным інтэрв'ю амерыканскаму падкастару Лексу Фрыдману 5 студзеня расказаў, што Лукашэнка ў першыя дні вайны выбачаўся за ракеты з боку Беларусі і прапанаваў таму ўдарыць па Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў якасці «кампенсацыі». На думку экспертаў, такім чынам Лукашэнка намагаўся знайсці прычыну, каб увесці ваенны стан і правесці мабілізацыю».

На наступны дзень пасля гэтага прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што ён не прасіў прабачэння ў Зяленскага. 

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10