Меркаваннi

Беларусаў заганялі пад лаўку, а яны пайшлі ў тэатр

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек у Менску, Беларусь.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек у Менску, Беларусь. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Хто б мог падумаць, што на фоне ўсяго гэтага сусветнага жаху ў Беларусі і вакол яе народ не схаваецца пад лаўку, а пойдзе ў тэатр. Менавіта туды. У краіне сапраўдны тэатральны бум. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паспрабаваць купіць квіток на дарослы спектакль у Беларускі дзяржаўны тэатр лялек або ў Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача. Білеты раскупленыя на месяцы наперад. Я не згадаю, каб некалі было штосьці падобнае.


Калі ўспамінаю лялечны тэатр, то адразу ўсплываюць у памяці атрады школьнікаў з настаўнікамі, якія ліхаманкава пералічваюць кожная свой клас па галовах. А потым гэтыя дзіцячыя спектаклі, падчас якіх грозныя настаўніцы сычэлі з усіх бакоў на нядбайных вучняў. Мне ўвесь час думалася, што з арганізаванымі паходамі школьнікаў у тэатр трэба нешта рабіць. Не ведаю што, але і ў такім выглядзе пакідаць гэтак нельга. Лепш за ўсіх паводзіліся толькі зусім маленькія гледачы з дзіцячых садкоў. Ім цікава было назіраць за лялькамі, якія рухаліся над шырмаю і размаўлялі.

Іншая рэч сёння. І гэта дарослы спектакль. Узяць, да прыкладу, спектакль Матэа Сп’яцы «Пансіён «Belvedere». Уявіце, спектакль доўжыцца 80 хвілінаў без антракту, і са сцэны не вымаўляецца ніводнага слова. Гледачы праз некалькі хвілінаў не заўважаюць, што акторы маўчаць. Спектакль аб пажылых людзях, якія праводзяць рэшту жыцця ў пансіянаце. Тамака свой распарадак дня – і ў гэтай, здавалася б, прадказальнасці героі трапляюць у самыя розныя сітуацыі.

Мая знаёмая Ірына К. сабралася на спектакль, калі пачула водгукі калегаў. «Не так проста аказалася купіць квіткі. Не думала, што гэта можа быць такой праблемай. І куды? У лялечны тэатр. Мы пайшлі з сяброўкай і яе мужам. Ён зусім не тэатрал, але яна яго ўгаварыла. Ён сядзеў, не зварухнуўшыся. Спектакль цудоўны! Ніхто ні слова не вымаўляе, а ты ўсё разумееш. І такі спектакль можна паказаць і італьянцу, і немцу, і беларусу – усё будзе зразумела. Гісторыю ўсе разумеюць. Самае цікавае, што ўсе акторы ў масках, але ты бачыш іхныя эмоцыі. Гэта эмоцыі людзей, якія пажылі на свеце. І тым цікавей, калі акторы ў канцы здымаюць маскі. Нечакана. А яшчэ, калі мы ў зале глядзім спектакль, то мы пачуваемся як бы адзінай сям’ёй, а такое далёка не на кожным спектаклі бывае», – падзялілася сваімі ўражаннямі Ірына. Мастачка-пастаноўшчыца спектаклю «Пансіён «Belvedere» – Таццяна Нэрсісян.

Чым можна растлумачыць гэты нечуваны поспех? У сакавіку мінулага года галоўным рэжысёрам тэатра лялек стаў Яўген Карняг. У 2005 годзе ён скончыў Акадэмію мастацтваў у Менску, а потым рэжысёрскую магістратуру школы-студыі МХТ (Маскоўскі Мастацкі тэатр) і ЦІМ (Цэнтр імя Меерхольда) у Маскве. Менавіта ягоныя спектаклі сталі выклікаць ажыятаж і збіраць чэргі ля білетных касаў. Самыя ягоныя вядомыя працы – п’есы «Не танцы», «Інтэрв’ю з ведзьмамі», «Бетон», «Шлюб з ветрам», «Пачупкі», «Запіскі юнага доктара», «На чорнай-чорнай вуліцы» і «Забалоцце».

Прэм'ера спектаклю «Мроіва» ў Тэатры лялек. Менск, Беларусь. 9 снежня 2024 года. Фота: belpuppet / Instagram
Прэм'ера спектаклю «Мроіва» ў Тэатры лялек. Менск, Беларусь. 9 снежня 2024 года. Фота: belpuppet / Instagram

Здавалася б, што новага можна распавесці пра вёску, якая памірае? І вось вы прыходзіце на спектакль «Мроіва» і трапляеце ў атмасферу вёскі, якой ужо няма і не будзе. Ва ўсялякім разе, так гавораць гледачы, якія паглядзелі спектакль. Слова «мроіва» слоўнікі перакладаюць як прывід, здань ці смугу. Паводле аўтарскай задумкі, менавіта з гэтага з'яўляецца вёска. А што на гэты конт думаюць гледачы? Аляксандр Ш. з адукацыі інжынер. Кажа, што спектакль стаў для яго нечаканасцю: «За акторамі на сцэне ходзіць аператар і здымае онлайн тое, што адбываецца. Гэтае відэа выводзіцца на вялікі экран, і такім чынам ты бачыш, што ў актора ў руках вясковая хатка, свецяцца вокны, відаць, што ўсярэдзіне хатаў. Потым бачыш старую царкву, могілкі вясковыя, ну ўсё, што там ёсць у той вёсцы. Я прыязджаў да сваіх бабулі з дзядулем на вакацыі. Божа мой! Мыйнік! Сёння ўжо камусьці трэба нават тлумачыць, што гэта за прылада такая. Апанавалі мяне ўспаміны. Успомніў, як набегаўшыся ўлетку і павячэраўшы, ідзеш на ганак мыць ногі, а вада халодная-халодная. А бабуля кажа: «Ды не халодная, яна ж у тазе ўвесь дзень была на вуліцы». Вось адразу ўспомніў хлеў і сена там наверсе, а ўнізе колы старыя ад ровара, нейкія граблі зламаныя... Няма даўно бабулі і дзядулі. Пахаваныя яны на тых могілках, дзе і іхныя бацькі. Усё стаў успамінаць. Яшчэ і пасля спектаклю заставаўся пад уражаннем».

Напрыканцы спектакля гледачам прапаноўваюць сучасную апрацоўку «Песні пра зубра» Гусоўскага. Акторкі на сцэне – не проста кабеты, кожная з іх гэта яшчэ і пара года. Усё як завяшчаў Купала ў «Адвечнай песні». У спектаклі гучаць дакументальныя аўтэнтычныя запісы жыхароў беларускага Палесся. На студзень білеты можна цяпер купіць толькі ў жывой чарзе. Раптам пашчасціць.

А зусім недалёка ад лялечнага месціцца Тэатр юнага гледача. У мае школьныя гады ў нашай школе кожны клас павінен быў схадзіць туды абавязкова, хаця б раз на чвэрць. У ТЮГ хадзіць нам не вельмі падабалася. І калі нашая класная кіраўніца спытала, куды б мы лепш пайшлі – у ТЮГ на нейкую п’есу пра камсамольцаў ці ў Купалаўскі на «Забыць Герастрата», то мы дружна закрычалі, што ў Купалаўскі. «Але там жа на беларускай мове», – паспрабавала ўгаварыць нас на ТЮГ настаўніца. Але мы настаялі на сваім.

І вось прайшлі гады, і дарослыя людзі, а сярод іх напэўна ёсць і мае аднагодкі, якія не вельмі захапляліся ТЮГам, ідуць сёння туды на «Майстра і Маргарыту» паводлле Булгакава. Вельмі папулярны спектакль. А яшчэ не набыць квітка на бліжэйшыя спектаклі-камедыі пра каханне «Трыццаць шэсць і шэсць». А ў Расейскім тэатры раскупленыя білеты на «Пікавую даму» Пушкіна.

А што ж з Купалаўскім? Трапіць туды можна ў любы час. Чэргаў у касу не відаць. І справа, вядома, ні ў якім ні ў байкоце, бо на добры спектакль, на таленавітую акторскую гульню глядач заўсёды пойдзе.

Яшчэ нядаўна самым запатрабаваным тэатрам быў Тэатр оперы і балету. Туды заўсёды ў тэатральны сезон загадзя раскуплялі квіткі, і чарга ў касу была звычайнай з’явай. І там нічога не змянілася. Але каб у ТЮГ ці ў лялечны трэба было за месяц купляць білет, каб трапіць на той ці іншы спектакль, – такога не ўзгадаю. Цудоўна, што людзі могуць у нашай сітуацыі атрымліваць асалоду ад тэатральнага мастацтва. Асабліва выдатна, што менавіта ў гэтую цяжкую гадзіну ў гледача з’явілася магчымасць цешыцца гульні, адчуваць сябе часткай дзеі, што разгортваецца на сцэне. Вельмі хочацца, каб тэатральнае жыццё зберагала гледачоў ад навалы, якая абрынулася на іхныя галовы.

Стаць тэатральным – гэта найлепшае, што магло здарыцца з Менскам за апошні год.

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10