Меркаваннi

Каляды ў цемры

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі, апранутыя ў традыцыйнае адзенне, ходзяць па вёсках, спяваючы калядныя песні і паказваючы невялікія тэатралізаваныя сцэнкі падчас святкавання Калядў у Клецкім раёне Менскай вобласці, Беларусь.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі, апранутыя ў традыцыйнае адзенне, ходзяць па вёсках, спяваючы калядныя песні і паказваючы невялікія тэатралізаваныя сцэнкі падчас святкавання Калядў у Клецкім раёне Менскай вобласці, Беларусь. 13 студзеня 2024 года. Фота: Stringer / Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Апошнія гады мы жывем у стане разрыву. Сем'і тых, хто з'ехаў, і тых, хто застаўся ў Беларусі, падзеленыя. Невінаватыя, якія сядзяць у турмах, і іхныя сваякі – падзеленыя. Несправядлівы гвалт пашырыўся настолькі, што пераадолець падзел паміж людзьмі здаецца немагчымым. Колькасць загінулых людзей і ваенных злачынстваў змушае верыць, што гэтага разрыву пераадолець не ўдасца.


Раней, чытаючы біблейскія гісторыі, мы маглі здзіўляцца жорсткасці людзей, падсвядома мяркуючы, што маральны прагрэс мусіць рабіць некаторыя рэчы немагчымымі. І вось мы ўжывую онлайн назіраем шмат чаго з таго, што здавалася старажытным біблейскім жахам, які даўно меў зрабіцца гісторыяй.

Мы бачым…

  • Масавыя зачысткі тых, хто ў зародку можа выглядаць на патэнцыйную пагрозу вярхоўнай уладзе. Імкненне Ірада, у пошуках будучага лідара вольнай Юдэі, учыніць генацыд немаўлят – нікуды не падзелася.
  • Бежанцаў, якія не змяшчаюцца ў гатэль, тады сялілі ў хлеў. Цяпер, як і тады, уцекачоў шматкроць больш за ўладальнікаў нерухомасці, гатовых іх прыняць.
  • Калі ў старажытным Ізраілі ў месцы пакланення гандлявалі, гэта выклікала абурэнне. Сёння абразіцца на адкрыты на месцах памяці забітых беларусаў рэстаранны бізнес – гэта наклікаць на сябе такую бяду, што можна апынуцца побач з тымі, чыю памяць імкнуўся шанаваць.
  • Святароў, якія казалі нязручную праўду, у навазапаветны час пераследавалі за абразу рэлігійных пачуццяў. Цяпер за тое самае на хрысціянаў адкрываюць крымінальныя справы.

Самае натуральнае ў такой сітуацыі сказаць: дзе той бог, што дапускае такое? Хіба ён міласэрны, калі дазваляе гэта? Калі ён сапраўды такі, як пра сябе кажа, – няма ад яго ніякай карысці, не ў стане ён нікому дапамагчы.

Але ж Бог нараджаецца ў свет, дзе чалавек тысячагоддзямі старанна знішчае чалавека. Бог прыходзіць і лекуе. Корміць. Дае прабачэнне мінулых памылак. Бароніць ад несправядлівага суда. Ратуе ад смерці. Вызваляе ад наступстваў нашых уласных бязглуздых рашэнняў. Кампенсуе безліч наступстваў таго, як мы распарадзіліся нашай свабодай. Бачачы такі падрыў звыклага жыцця, людзі хутка разумеюць, што нешта не так, і на ўсялякі выпадак забіваюць прыхадня.

Адмаўляцца ад Бога – для нас звычайная рэч. Ігнараваць Бога і пазбягаць яго – гэта не проста звычка сучаснага чалавека, але і ўся гісторыя чалавецтва. “Святло прыйшло ў свет, але людзі аддалі перавагу цемры перад святлом, таму што справы іхныя былі злыя”. Евангелле ад Яна 3:19.

Усю гісторыю чалавецтва спрабавала збудаваць ідэальна справядлівую дзяржаву. Вучні чакалі гэтага ад Езуса. На што ён не раз называў тых, хто будзе пасля спрабаваць зрабіць гэта ад ягонага імя, – ашуканцамі і фальсіфікатарамі. Чалавек функцыянальна не здольны пабудаваць царства Бога на зямлі. Усе ўтопіі, якія чалавек імкнуўся ўвасобіць у адрыве ад свайго стваральніка, выраджаліся ў крывавыя дыктатарскія сістэмы.

Калі Хрыста пыталіся, якім трэба быць, каб увайсці ў ягонае царства, ён задаваў такую планку, якой не здольны адпавядаць ніводны homo sapiens. Раздаць маёмасць, падставіць шчаку, вырваць вока, якое замахваецца на чужое, і любіць ворагаў. Хто захоча жыць такім жыццём? Хто з тых, хто называюць сябе хрысціянамі, жыве такім жыццём цяпер? Кожны, хто цвяроза зірне на ўласнае жыццё, прызнае немагчымасць адпавядаць стандартам Бога. Чалавечая недасканаласць закідвае нас настолькі далёка ад Бога, што пераадолець дыстанцыю самастойна – няма шанцаў. Хрыстос і нарадзіўся дзеля таго, каб закрыць гэты разрыў звонку.

Мы праходзім змрочныя часы, калі ёсць усе падставы паверыць, што Бог пра Беларусь забыўся, ці ўвогуле не цікавіцца яе лёсам. У габрэяў дзве тысячы гадоў таму была незлічоная колькасць прычынаў верыць у тое самае. Сотні гадоў пад імперскай акупацыяй. Знішчаныя святыні. Жорсткае падаўленне спробаў вярнуць незалежнасць.

“Хто чуў такое? Хто бачыў падобнае? Ці ўзнікла краіна за адзін дзень? Ці нараджаўся народ за адзін раз, як Сіён, ледзь толькі пачаўшы родамі мучыцца, – нарадзіў сыноў сваіх. Ці давяду Я да родаў, і ці не дам радзіць? Кажа Гасподзь. Альбо, даючы сілу радзіць, ці зачыню нутробу? Кажа Бог твой”. [Ісаі 66:8–9]

Сённяшнія Каляды адбываюцца ў змрочны час. Час, калі Расейская імперыя анексавала і акупавала землі Рэчы Паспалітай, быў больш безнадзейны. Час, калі паўстанні Касцюшкі і Каліноўскага былі задушаныя расейскімі войскамі, быў больш жорсткі. Час, калі сталінскі НКВД вынішчаў беларускіх паэтаў, быў больш крывавы. Беларусы перажылі гэтых тыранаў. Бог выратаваў габрэйскі народ. Божае Нараджэнне дарыць беларусам надзею.

Міхаіл Кірылюк belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10