Міжнародная федэрацыя хакею на лёдзе (МФХ) чакае вяртання беларусаў і расейцаў у спаборніцтвы, а таксама іхнага ўдзелу ў Алімпіядзе ў Мілане ў 2026 годзе, бо гэта будзе азначаць сканчэнне расейска-ўкраінскай вайны, паведаміў кіраўнік федэрацыі Люк Тардыф на прэс-канферэнцыі ў Атаве 5 студзеня.
Люк Тардыф заявіў, што для МФХ важна, каб беларускія і расейскія спартоўцы як мага хутчэй вярнуліся да ўдзелу ў спаборніцтвах федэрацыі, «бо іхнае вяртанне будзе азначаць, што вайна скончылася».
,,«Але мы не будзем рызыкаваць спаборніцтвамі ці гульцамі. Гэта самае важнае для нас. Нам трэба паглядзець, што адбудзецца цягам наступных двух месяцаў. Мы будзем чакаць як мага даўжэй, але ў лютым мы павінны прыняць рашэнне, каб даць арганізатарам магчымасць скласці расклад гульняў, даведацца, хто едзе на Алімпіяду, правесці промакоўзанні і выканаць усё планаванне. Акрамя таго, Міжнародны алімпійскі камітэт таксама будзе павінен прыняць рашэнне. Мы прааналізуем усё ў наступным месяцы, але галоўнае пытанне – гэта бяспека гульцоў. Мы не будзем рызыкаваць», – сказаў кіраўнік МФХ.
Міжнародная федэрацыя хакею на лёдзе папярэдне ўключыла зборныя Беларусі і Расеі ў сетку асноўнага і адборнага турніраў Алімпійскіх гульняў 2026 года, якія адбудуцца ў Мілане. Каля Беларусі і Расеі ў сетцы стаяць пазнакі: «Тэарэтычная пазіцыя пасеву, калі будзе прынятае рашэнне аб вяртанні каманды ў праграму чэмпіянату МФХ».
Амаль тры гады таму, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, 28 лютага 2022 года Рада МФХ адхіліла каманды Беларусі і Расеі ад удзелу ў спаборніцтвах федэрацыі і адклікала ўсе турніры з тэрыторыяў абедзвюх краінаў.
Напрыканцы снежня 2024 года сталася вядома, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт дапусціць беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў юнацкіх алімпійскіх фестывалях у 2025 годзе ў нейтральным статусе. У прыватнасці, беларусы ва ўзросце 14–18 гадоў возьмуць удзел у алімпійскіх фестывалях у Бакурыяні ў Грузіі ў лютым і ў Скоп’е ў Паўночнай Македоніі ў ліпені. Зняцце санкцыяў яшчэ павінны падтрымаць міжнародныя федэрацыі асобных відаў спорту.
Расейскіх юнакоў Алімпійскі камітэт па-ранейшаму не дапускае да фестываляў, нават у нейтральным статусе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu