навіны

Прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо абвесціў пра сыход у адстаўку

Жустэн Трудо
Жустэн Трудо. Фота: Wagner Meier / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо ў панядзелак 6 студзеня абвесціў пра сваё рашэнне сысці ў адстаўку, у тым ліку, з пасады старшыні Ліберальнай партыі, пасля таго, як будзе абраны новы кіраўнік ураду.

Паводле Трудо, ён прыняў такое рашэнне пасля доўгіх размоваў з сям’ёй.


Канадскі парламент прыпыніць сваю працу да 24 сакавіка 2025 года – у гэты дзень будзе праведзенае галасаванне аб даверы.

,,

«Парламент цалкам спаралізаваны абструкцыяй, зацягваннем дэбатаў і поўнай адсутнасцю прадуктыўнасці ў апошнія месяцы. На дадзены момант мы з’яўляемся найбольш павольна працуючым урадам у гісторыі. Настаў час для перазагрузкі», – заявіў Трудо.


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо на сустрэчы ў Атаве. 16 красавіка 2024 года. (Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай)

Ціханоўская папрасіла прэм’ера Канады закрыць шчыліны ў санкцыях

навіны

Прэм’ер-міністр паабяцаў, што пасля ягонага сыходу ягоная каманда працягне працу над умацаваннем эканомікі Канады і прасоўваннем яе інтарэсаў.


У снежні сваю пасаду пакінула намесніца прэм’ер-міністра і міністарка фінансаў Канады Хрысція Фрыланд. Яна не падтрымала абяцанне Трудо прадставіць дадатковую дапамогу бедным сем’ям і заявіла, што гэта – спроба прэм’ера вярнуць сваю папулярнасць, якая «вельмі дорага абыдзецца бюджэту ў сітуацыі, калі абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп збіраецца абкласці канадскія тавары мытам у 25%».


Жустэну Трудо 53 гады. Ён заняў пасаду прэм’ер-міністра ў 2015 годзе, двойчы перавыбіраўся. За час лідарства Трудо ў Канадзе былі легалізаваныя эўтаназія, марыхуана, забароненае «лячэнне» ад гомасэксуальнасці, уведзены падатак на выкіды парніковых газаў, забаронены аднаразовы пластык, абмежаванае права валодання зброяй, павялічаныя розныя віды дапамогі.


Кабінет Трудо стаў першым гендэрна збалансаваным урадам Канады – у ім было 16 мужчынаў і 15 жанчынаў.


Папулярнасць Жустэна Трудо рэзка ўпала пасля сыходу Фрыланд. Прыхільнікаў таксама згубіла і Ліберальная партыя, якую Трудо ўзначальваў з 2013 года. Цяпер больш сімпатыяў у канадцаў займела Кансерватыўная партыя – яна апярэджвае Ліберальную партыю больш чым на 20%.


Не пазней за кастрычнік 2025 года ў Канадзе павінны адбыцца парламенцкія выбары. Аналітыкі прадказваюць вынік у больш чым 40% галасоў у Кансерватыўнай партыі, 20% – у Ліберальнай.


У красавіку 2024 года Трудо прыняў у сваім офісе ў Атаве абраную прэзідэнтку Беларусі Святлану Ціханоўскую. Палітыкі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, санкцыямі, беларускімі незалежнымі медыямі ды іншыя пытанні.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10