Аналітыка

«Валодзя, гэта не я!». Навошта Лукашэнка прапанаваў Зяленскаму бамбаваць Мазырскі НПЗ у пачатку вайны

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мазырскі НПЗ
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мазырскі НПЗ. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Па словах прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, Лукашэнка ў першыя дні вайны выбачаўся за ракеты з боку Беларусі і прапанаваў таму ўдарыць па Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу ў якасці «кампенсацыі.» Што гэта ўсё ўвогуле значыць і ці сапраўды Лукашэнка рабіў такую прапанову, каб потым гэтае абвяргаць? «Белсат» звярнуўся за меркаваннямі да экспертаў.

Уладзімір Зяленскі ў трохгадзінным інтэрв'ю амерыканскаму падкасцеру Лексу Фрыдману 5 студзеня расказаў пра тое, што Лукашэнка ў першыя дні поўнамаштабнай расейскай агрэсіі прасіў прабачэння за ракеты, выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі. Казаў, «Ты павер, Валодзя, гэта не я […], з маёй тэрыторыі пускалі ракеты. Пускаў Пуцін». 

Таксама Лукашэнка, паводле слоў Зяленскага, прапаноўваў гэтакую «кампенсацыю» ў выглядзе ўдару па Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу.

«Ëн мне казаў: «Зразумей, нельга ваяваць з рускімі». Я яму сказаў: «Мы ніколі не ваявалі. Ракеты прыляцелі з тваёй зямлі, з Беларусі, як ты дапусціў?». А ён кажа: «Ну, добра, адказвай […] Нанясі ўдар па НПЗ, ты ж ведаеш, як ён шмат для мяне значыць». Я яму: «Ты пра што кажаш? Які адказ?» – распавёў Зяленскі.

У панядзелак 6 студзеня прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што ён не прасіў прабачэння ў Зяленскага. І чамусьці ўзгадала ўкраінскія санкцыі. 

«Па той простай прычыне, што прасіць прабачэння нам няма за што. Перш за ўсё таму, што Украіна, як мы памятаем, першай увяла санкцыі супраць Беларусі, пабегшы нават наперадзе Амерыкі і ўсяго Захаду», – сказала яна.

Уладзімір Зяленскі падчас інтэв'ю Лексу Фрыдману. Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram
Уладзімір Зяленскі падчас інтэв'ю Лексу Фрыдману. Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

«У выпадку ўдары па НПЗ у Беларусі магчыма было ўвесці ваеннае становішча і правесці мабілізацыю»

Толькі ўвесну 2024 года Лукашэнка заяўляў, што Украіне «прыляціць у дзесяціразовым памеры», калі тая атакуе Мазырскі НПЗ. Па ягоных словах, ён атрымаў інфармацыю, што такі ўдар абмяркоўваецца. А зараз усё апынаецца з дакладнасцю да наадварот.

Палітолаг Дзмітрый Балкунец лічыць, што гэта вельмі важная заява: яна даказвае, што Лукашэнка ведаў пра пачатак вайны, і такім чынам хацеў знайсці нагоду ўвесці ў Беларусі ваеннае становішча, але Украіна не дала такой нагоды. Тады прыйшлося круціцца, нібіта вужака.

«Шкада, што гэтую надзвычай важную рэч Уладзімір Зяленскі сказаў толькі на трэці год вайны. На мой погляд, трэба было трубіць пра гэта адразу, – кажа Балкунец. – Просьба Лукашэнка ўдарыць па Мазырскім НПЗ паказвае, што той разлічваў на такі ўдар з боку Украіны. У такім выпадку Лукашэнка і Пуцін маглі б сказаць «вось глядзіце, яны самі напалі». Гэты ўдар мог прывесці да ахвяраў і пашкоджання аднаго са стратэгічных прадпрыемстваў. У такім выпадку ў Беларусі магчыма было ўвесці ваеннае становішча і правесці мабілізацыю».

Па словах Дзмітрыя Балкунца, гэта яшчэ раз пацвярджае тэорыю, што Лукашэнка ведаў пра вайну супраць Украіны да яе пачатку. Але, магчыма, не чакаў яе ў такім выглядзе.

«Думаю, Лукашэнка ведаў пра падрыхтоўку вайны яшчэ з 2021 года, калі актыўна стаў выкарыстоўваць слова «вайна». Напрыклад, падчас паслання да беларускага парламента ў студзені 2022 года ён сказаў гэтае слова 36 разоў, я нават падлічыў. Таксама ён казаў «2-3 дні – і Украіны не будзе». Гэта сведчыць, што ён цудоўна пра ўсё ведаў, але, магчыма, не чакаў, што ўсё пойдзе менавіта так. Таму і намагаўся перакласці адказнасць на Пуціна, хоць ён такі ж самы саўдзельнік вайны, як і Пуцін».

Але чаму Зяленскі сказаў гэта толькі зараз? .

«У палітыцы некаторыя сакрэтныя рэчы трэба трымаць у сакрэце працяглы час. Стасункі паміж краінамі напружаныя, і можна сапсаваць іх нейкімі заявамі, – кажа на гэты конт палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч. – Зяленскі вырашыў, што можа зараз пра гэтае расказаць з улікам магчымых перамоваў, якія ініцыюе Доналд Трамп. Магчыма, гэта падштурхнула яго да большай шчырасці. А можа, гэта журналісты змаглі выцягнуць тое, што не заўсёды атрымоўваецца, ці тое, што палітык сам не хацеў гаварыць».

Пры гэтым Валер Карбалевіч у адрозненні ад Дзімітрыя Балкунца не лічыць, што Лукашэнка хлусіў, калі запэўніваў, што гэта не ён і што ён нічога не ведаў пра планы Пуціна.

«Лукашэнка не хацеў выкарыстоўвання тэрыторыі Беларусі для вайны, Пуцін не спытаў у Лукашэнкі дазвол на выкарыстанне беларускай тэрыторыі, і па версіі Зяленскага менавіта гэта казаў Лукашэнка яму па тэлефоне на пачатку вайны. Так што па вялікаму рахунку версіі у асноўным супадаюць», – кажа Валер Карбалевіч. Ён ўзгадвае заявы і самаго Лукашэнкі адносна абставінаў пачатку вайны (што ён даведаўся са СМІ, што расейскія войскі сыходзілі з Беларусі і нечакана «завярнулі» не туды), і міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, які напярэдадні запэўніваў, што расейскія войскі ў поўным складзе пакінуць нашу краіну.  Але адносна прапановы Лукашэнкі бамбіць Мозырскі НПЗ у Валера Карабалевіча каментароў не знайшлося.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10