Кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін мяркуе, што спартовыя санкцыі аказаліся адным з самых балючых фактараў уздзеяння на ўлады Беларусі, а таму могуць зрабіцца «прадметам палітычнага размену».
Эканамічныя ды палітычныя санкцыі таксама маюць уплыў, але ў іх знайшлося даволі шмат магчымасцяў для абыходу ці выхаду падсанкцыйных экспарцёраў на «новыя рынкі», кажа Апейкін.
У спорце ж варыянтаў абыходу амаль не існуе. Рэч у тым, што большасць міжнародных федэрацыяў трымае даволі жорсткія ўмовы допуску. І тое, што спачатку падавалася як «сімвалічнае ўздзеянне», цяпер выліваецца ў вельмі балючы аспект.
Цяпер пытанне № 1 для мноства беларускіх спартоўцаў і трэнераў – гэта вяртанне на міжнародную арэну, зазначае кіраўнік БФСС і спасылаецца на інтэрв’ю старшыні Беларускай федэрацыі гандболу Уладзіміра Канаплёва ды галоўнага трэнера жаночай зборнай Беларусі па гандболе Валерыя Пяўніцкага.
,,«Шматлікія нарады НАК Беларусі таксама прысвечаныя тэме выхаду з міжнароднай ізаляцыі. Цалкам відавочна, што гэтае пытанне ўжо вынесенае на самы верх», – кажа Апейкін.
Дырэктар Фонду спартовай салідарнасці перакананы, што санкцыі супраць Беларусі пратрымаюцца ў спорце яшчэ не адзін год:
«Яшчэ ў сярэдзіне 2022 года прагназаваў, што вяртанне беларусаў у міжнародны спорт адбудзецца не раней за 2025 год. Так і сталася».
На думку Аляксандра Апейкіна, спартовыя санкцыі цалкам могуць зрабіцца «прадметам палітычнага размену», асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня, калі «беларускім уладам вельмі спатрэбіцца вектар на "нармалізацыю"».
,,«Зняцце абмежаванняў на ўдзел беларускіх спартоўцаў і вяртанне міжнародных стартаў у Беларусь – гэта пытанне, якое для ўладаў, магчыма, будзе мець больш важнае стратэгічнае значэнне, чым санкцыі «Беларуськалію». Бо бюджэтны прабел можна кампенсаваць чарговай пазыкай ад Крамля, а іміджавыя жа страты – амаль ніяк. А ў прыярытэце ўладаў на наступную "пяцігодку" якраз будзе стаяць вяртанне станоўчага іміджу "ўсходнееўрапейскай Швейцарыі", "донара стабільнасці ў рэгіёне"», – кажа дырэктар Фонду спартовай салідарнасці.
Апейкін выказвае шкадаванне, што «дэмакратычны істэблішмэнт абсалютна недаацэньвае гэты інструмент, выключыўшы спорт з дарожнай мапы грамадзянскай супольнасці для Еўракамісіі і не ўключыўшы ў парадак дня стратэгічнага дыялогу са Злучанымі Штатамі Амерыкі».
«Спорт можа стаць тым напрамкам, які паверне краіну да нармалізацыі. У шмат чым мінулы перыяд адлігі ў Беларусі быў звязаны з правядзеннем буйных спартовых падзеяў», – зазначае Аляксандр Апейкін.
Кіраўнік БФСС падкрэслівае, што палітычная значнасць спартовага актыву дарэмна недаацэньваецца дэмакратычнымі сіламі, і нагадвае, што да зімовай Алімпіяды-2026 у Мілане засталося крыху больш за год.
Напрыканцы снежня 2024 года сталася вядома, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт дапусціць беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў юнацкіх алімпійскіх фестывалях у 2025 годзе ў нейтральным статусе. У прыватнасці, беларусы 14–18 гадоў возьмуць удзел у алімпійскіх фестывалях у Бакурыяні ў Грузіі ў лютым і ў Скоп’е ў Паўночнай Македоніі ў ліпені. Зняццё санкцыяў яшчэ павінны падтрымаць міжнародныя федэрацыі асобных відаў спорту.
Расейскіх юнакоў Алімпійскі камітэт усё гэтак жа не дапускае да фестываляў, нават у нейтральным статусе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu