Праз тыдзень, 13 студзеня, распачнецца судзілішча. Сілавікам, якія паказалі, што можна заставацца людзьмі, пагражаюць велічэзныя тэрміны зняволення.
12 жніўня 2020 года афіцэры запасу запісалі відэазварот да сваіх калегаў. Гэта былыя сілавікі з Жодзіна: Зміцер Удовін, Віталь Папроцкі, Вячаслаў Ільіч, Андрэй Дарошка, Ігар Кісляк. Яны заклікалі калегаў памятаць пра гонар мундзіру і згадаць прысягу народу. Для апанавання сітуацыі, падкрэслілі яны, не патрэбны тэрор, не патрэбна быць карнікамі, не трэба сябе ставіць насуперак закону.
Мужчынаў пачулі, але выключна дзеля таго, каб працягнуць дзяржаўны тэрор – у тым ліку ў дачыненні і саміх афіцэраў, якія запісалі гэты відэазварот.
Мужчыны заклікалі слухаць сумленне і закон. Дзеяць без жорсткасці. Захаваць годнасць афіцэраў. Служыць не за заробак, а памятаць, што такое ідэя міру і парадку. Толькі жодзінскія афіцэры памыліліся ў галоўным: яны звярталіся да тых, у каго сумлення няма, а таму пытанне пра тое, як яны будуць глядзець у вочы беларусам, у тым ліку сваім дзецям, карнікаў у пагонах не ўсхвалявала.
Жодзінскія афіцэры казалі пра адсутнасць «садысцкіх схільнасцяў» – ды зноў памыліліся. Акурат лукашэнкаўскія апрычнікі надзвычайна гэтыя схільнасці праявілі і працягваюць праяўляць.
У той час як годным і сапраўдным людзям ды афіцэрам пагражае ад пяці да дванаццаці гадоў зняволення. Судзілішча распачнецца праз тыдзень, 13 студзеня. Артыкулы два: «Нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361) і «Распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130). Аднак тут істотныя не артыкулы, бо іх знойдуць пры жаданні для кожнага. Тут гаворка пра тое, каб іншым у сістэме паказаць, што бывае за тое, калі ты дзееш паводле закону і сумлення.
,,Гэта звычайны страх, бо рэжым ведае: у сістэме, што трымаецца на крыві, запужванні і тэроры, усцяж працуюць тыя, хто «ўсё разумее», хто ёсць сведкам злачынстваў супраць беларусаў, хто перадае інфармацыю ў дэмакратычныя колы.
Годныя асобы сярод сілавікоў былі заўжды. Згадаю былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку. Ягоны дзень нараджэння акурат быў учора. Але гэта не свята, а дзень памяці, бо генерал Захаранка знік у траўні 1999-га. Ён таксама наважыўся выступаць за законнасць і сумленне. Ёсць сведчанні, што за знікненнем, пазнейшым катаваннем і забойствам Захаранкі стаіць сам Аляксандр Лукашэнка.
,,Той, хто прыйшоў да ўлады на крыві і крывадушшы, раз пераступіўшы праз чырвоную лінію, ужо не ўмее інакш.
Узурпатар гэта паказаў вельмі яскрава за тры дэкады свайго панавання. Ён бегаў у 2020-м з аўтаматам па Менску і дзякаваў сваім «красаўцам», але не дапамагло. Сумленныя сілавікі былі, ёсць і будуць. Няхай і ў меншасці.
Як прыклад – прадстаўнікі ініцыятывы «БелПол». Гэта Уладзімір Жыгар, Мацвей Купрэйчык, Андрэй Астаповіч. Ёсць і іншыя – менш публічныя і самае галоўнае – людзі ў Беларусі, якія дапамагаюць раскрываць злачынствы рэжыму.
Я дзякую тым сілавікам, хто абраў складаны шлях праўды і законнасці. І вечная ганьба тым, хто прадаў сумленне. І прычыны тут ужо не істотныя.