За 2024 год суды прынялі 1444 пастановы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай». Агулам з 2008-га былі прынятыя 3567 такіх рашэнняў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Рашэнні 2024 года аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкаю» склалі 40,5 % ад агульнай колькасці такіх пастановаў з 2008-га.
Паводле праваабаронцаў, у 2024 годзе пашырыўся размах барацьбы з інфармацыяй, якая не падабаецца ўладам, бо ў 2023-м суды прынялі 888 рашэнняў аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі». У 2022-м такіх рашэнняў было 637.
На дзень 1 лістапада 2024 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесеныя 6565 пазіцыяў. Лічба адрозніваецца ад агульнай колькасці рашэнняў, бо адным рашэннем «экстрэмісцкімі» могуць прызнаць адразу некалькі інфармацыйных прадукцыяў.
Суды Меншчыны прынялі 716 рашэнняў у 2024 годзе, Берасцейшчыны – 246, Гомельшчыны – 121.
Акрамя таго, што непажаданыя ўладамі інфармацыйныя рэсурсы актыўна блакуюцца і забараняюцца ў Беларусі, за іх захоўванне і распаўсюд караюць. Прычым распаўсюдам можа быць нават пост у сацыяльных сетках 5-гадовай даўніны, калі ніякіх праблемаў з рэсурсам не было.
Арсен Рудэнка belsat.eu