навіны

Зяленскі: Лукашэнка прасіў прабачэння праз некалькі дзён пасля пачатку вайны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі Фота: @V_Zelenskiy_official / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка прасіў прабачэння ў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага праз некалькі дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны за запускі ракетаў па Украіне з Беларусі. Пра гэта Зяленскі паведаміў амерыканскаму журналісту Лексу Фрыдману.

Уладзімір Зяленскі апавёў, што меў тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам «на другі ці трэці дзень» поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.


«Ён прасіў прабачэння. Ён казаў: "Гэта не я, з маёй тэрыторыі запускалі ракеты, гэта запускаў Пуцін". Гэта ягоныя словы. У мяне ёсць сведкі. "Я прашу прабачэння," – сказаў ён. "Ты павер, ты павер", – ён мне казаў. "Валодзя, гэта не я. Я не кантралюю", – ён мне казаў. “Я не кантралюю, гэта проста ракеты, гэта Пуцін. Я яму казаў, што не трэба, гэта было без мяне". Я памятаю гэтую размову», – сказаў Зяленскі.


Ён адказаў Лукашэнку, што той такі ж забойца, як і Пуцін.


«А ён мне адказваў: "Зразумей, нельга ваяваць з расейцамі". Я яму сказаў: "Мы ніколі не ваявалі. Вайна – гэта ракеты, якія прыляцелі з тваёй тэрыторыі, з Беларусі. Як ты дапусціў? "Ён кажа: "Ну добра, адкажы на гэта". Ён мне тады сказаў, я дагэтуль памятаю, ён мне кажа: "Стукні па нафтаперапрацоўчым заводзе. Ты ж ведаеш, як шмат ён для мяне значыць". Мазырскі ці нейкі там? Я яму адказаў: "Ты пра што наагул кажаш?"» – згадвае Зяленскі.


У пачатку поўнамаштабнай вайны Украіна была атакаваная расейскімі войскамі ў тым ліку з Беларусі. Гэта дазволіла расейскай арміі вельмі хутка прасоўвацца да Кіева, аднак захапіць горад ім не ўдалося.


Пры гэтым экс-міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў апавядаў, што за два дні да 24 лютага 2022 года размаўляў праз тэлефон з кіраўніком Міністэрства абароны Беларусі Віктарам Хрэніным. Той даў слова афіцэра, што ніводзін расейскі салдат не прыйдзе на ўкраінскую тэрыторыю з Беларусі.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10