У Кітаі распаўсюджваецца новы вірус. Шпіталі перапоўненыя.
У Кітаі адбыўся выбух новага метапнеўмавіруса чалавека (hMPV), што прывёў да перапаўнення шпіталяў.
Пра гэта паведамляе выданне «Independent». Інфекцыя ўжо значна нагрузіла мясцовую сістэму аховы здароўя.
Вірус выклікае сімптомы, падобныя да ковіду-19 і грыпу.
«Цяпер Кітай у стане павышанай гатовасці, бо па ўсёй краіне з'яўляюцца паведамленні пра новы вірус з сімптомамі, падобнымі да грыпу: дрыжыкі, кашаль, боль у горле, а таксама слабасць і галавакружэнне», – адзначае выданне.
Пры гэтым у Кітаі таксама рэгіструюцца іншыя рэспіраторныя інфекцыі, як грып А, мікаплазменная пнеўманія і каронавірус.
У звязку з гэтай сітуацыяй медыкі настойліва рэкамендуюць уладам і насельніцтву прытрымлівацца захадаў засцярогі, у тым ліку насіць маскі і рэгулярна дэзынфекаваць рукі, каб паменшыць імавернасць заражэння.
Як піша NDTV, медыі ў Інданезіі, Індыі і Японіі таксама папрасілі сваіх грамадзянаў сачыць за сітуацыяй у Кітаі і зрабіць неабходныя захады засцярогі.
Рэакцыя Кітаю
Афіцыйны Пекін, як адзначае NDTV, пакуль змяншае маштабы захворвання, выдаючы гэта за «штогадовую сезонную з'яву». Паколькі міжнародныя справаздачы папярэджвалі падарожнікаў перагледзець свае планы вандровак у Кітай, Пекін выпусціў заяву для прэсы.
Гэтак, спікерка Міністэрства замежных справаў Кітаю Маў Нін заявіла ў пятніцу, што «пік рэспіраторных інфекцыяў зазвычай прыпадае на зімовы сезон».
«Я магу запэўніць вас, што кітайскі ўрад клапоціцца пра здароўе грамадзянаў і замежнікаў, якія прыязджаюць у краіну», – сказала яна, дадаўшы, што «падарожнічаць па Кітаі бяспечна».
Адказваючы на пытанне пра перапоўненыя шпіталі і паведамленні пра ўсплёск рэспіраторных захворванняў, яна сказала, што «хваробы, здаецца, менш сур'ёзныя і распаўсюджваюцца ў меншых маштабах у параўнанні з папярэднім годам» [маецца на ўвазе каронавірус. – Заўвага рэд].
Што вядома пра новы вірус HMPV
HMPV выклікае грыпападобныя сімптомы і можа прывесці да сур'ёзных рэспіраторных праблемаў, асабліва сярод дзяцей і ўразлівых групаў. Гэта рэспіраторны вірус, які выклікае інфекцыі верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў.
Хвароба выявілі ў 2001 годзе, аднак вакцына, што мае перадухіліць яе, не распрацаваная. Сімптомы HMPV падобныя да сімптомаў грыпу: кашаль, ліхаманка і дыхавіца. Аднак у цяжкіх выпадках вірус можа прывесці да такіх ускладненняў, як бранхіт ці пнеўманія.
У залежнасці ад таго, наколькі цяжкі выпадак, інкубацыйны перыяд звычайна доўжыцца 3–7 дзён, а поўнае выздараўленне можа заняць яшчэ некалькі дзён.

Як распаўсюджваецца вірус?
HMPV – інфекцыйнае захворванне. Можа распаўсюджвацца праз паветра, а таксама праз дотык. Вірус можна распаўсюдзіць падчас кашлю або чхання. Ён застаецца актыўны на паверхні прадметаў пры хатняй тэмпературы, таму дотык да такога прадмета таксама можа прывесці да заражэння.
Ці хвалявацца беларусам?
Нагадаем: яшчэ ў траўні 2022 года Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што, як у краіне рэгіструецца невялікая колькасць пацыентаў з інфекцыяй ковіду-19, ведамства будзе абнаўляць статыстычныя звесткі раз на месяц. Праўда, зроблена гэта было ўсяго раз – у ліпені 2022-га. Цяпер жа ўся інфармацыя пра рэальны стан з каронавірусам у краіне, як і пра іншыя захворванні, – вялікая белая пляма.
Хворых беларусаў лечаць пераважна аднолькава, нібыта ад сезонных вірусаў і інфекцыяў. Пра тое, што ў рэальнасці ў Беларусі цяпер адбываецца з захворваннем на ковід, мы можам даведацца хіба што ад медыкаў, якія не могуць гаварыць адкрыта, але па-ранейшаму непакояцца за беларусаў.
Як кажуць медыкі, на зніжэнне захворванняў вельмі моцна ўплывае вакцынацыя – і ў Беларусі з ёю ўсцяж сур’ёзныя праблемы. Таму цалкам можа выйсці так, што крывая захворвання ў нас моцна адрозніваецца ад суседніх краінаў, але мы гэтага проста не ведаем.
Дарэчы, што адбываецца з беларускаю вакцынаю «БелКовідВак», пра распрацоўванне якой так шмат казалі?
Кожны этап стварэння гэтае вакцыны звязаны са скандаламі і непразрыстымі схемамі. Прыпыненае нават будаванне заводу для яе вытворчасці.
На сайце Цэнтру экспертызаў і выпрабаванняў у ахове здароўя ў Дзяржаўным рэестры клінічных выпрабаванняў гаворыцца, што «БелКовідВак» прайшла першую і другую фазы выпрабаванняў. У фармакалагічных уласцівасцях вакцыны напісана, што прэпарат ёсць штамам SARS-CoV-2 дэльта-варыянту.
Тэхнічная кансультацыйная група САЗ у справе складу вакцынаў супраць ковіду-19 штогод дае рэкамендацыі наконт антыгеннага складу на актуальны эпідэмічны сезон. Зыходзячы з іх, у перыяд 2024‒2025 года для вакцыны прапануюць выкарыстоўваць антыгены лініі JN.1 варыянту о-мікрон. Таму застаецца толькі спадзявацца, што, нягледзячы на адсутнасць публічнай інфармацыі, у Беларусі ўсё ж вядзецца праца над атрыманнем прэпарату пад варыянт о-мікрон і неўзабаве ўсё ж такі правядуць паслярэгістрацыйныя даследаванні вакцыны з абноўленым антыгенным складам. То бок правядуць і трэцюю фазу клінічных выпрабаванняў. У адваротным выпадку 30 мільёнаў долараў, выдаткаваныя на стварэнне гэтае вакцыны (і гэта толькі тая частка сумы, пра якую афіцыйна вядома), рызыкуюць стацца выкінутымі на вецер.
Надзея Вольная belsat.eu