навіны

За год на мяжы Беларусі і Польшчы затрымалі больш за 300 памагатых мігрантаў

Так нелегальна перавозяць мігрантаў. Фота: strazgraniczna.pl
Так нелегальна перавозяць мігрантаў. Фота: strazgraniczna.pl
podpis źródła zdjęcia

Як паведамляе памежная служба Падляскага ваяводства Польшчы, у 2024 годзе памежнікі затрымалі некалькі соцень чалавек, якіх падазраюць у дапамозе або арганізацыі нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Польшчу.

За мінулы год у Падляскім ваяводстве Польшчы затрымалі больш за 300 чалавек паводле падазрэння ў дапамозе або арганізацыі нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Польшчу. У 2023 годзе з гэтай жа нагоды былі затрыманыя больш як 530 чалавек.


Нярэдка пасля мінання мяжы шлях мігрантаў выглядае так: яны атрымліваюць фотаздымак аўтамабіля, знаходзяць яго ў азначаным месцы, і кіроўца за грошы (некаторыя называюць суму 700 еўраў. – Заўв. рэд.) давозіць іх да абумоўленай краіны Еўразвязу. Часам людзей перавозяць у грузавых адсеках адмыслова арандаваных фургонаў.


Пакаранне за дапамогу ці арганізацыю нерэгулярнай міграцыі ў Польшчы прадугледжвае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.


Нагадаем, летась нелегальна трапіць у Польшчу праз Беларусь спрабавалі больш за 30 тысячаў чалавек. Для параўнання: у 2023 годзе такіх спробаў было болей за 25,7 тысячы.


Летам мінулага года адбыўся першы выпадак, калі пасля нападу мігранта загінуў польскі вайсковец.


Каб абараніцца ад нелегальнай міграцыі, польскія ўлады пастанавілі стварыць на мяжы з Беларуссю буферную зону. Яна дзеіць з 13 чэрвеня 2024 года і праходзіць уздоўж 60,67 кіламетра беларуска-польскай мяжы, ідзе ўглыб Польшчы на 0,2–2 км. Там нельга заставацца без адмысловага дазволу памежнай службы Польшчы.


9 снежня 2024 года Польшча падоўжыла дзеянне буфернай зоны яшчэ на тры месяцы.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10