навіны

5 студзеня – дзень народзінаў Еўфрасінні Полацкай. Цікавыя факты пра беларускую святую

Ефрасіння Полацкая. Фрэска.
Еўфрасіння Полацкая. Фрэска. Фота: belarus.by
podpis źródła zdjęcia

У гэты дзень у 1104 годзе, згодна з высновамі даследніка Аляксея Мельнікава, нарадзілася Еўфрасіння Полацкая – князёўна і ігумення, беларуская святая.

Прадслава, а менавіта так назвалі бацькі будучую заступніцу беларускіх зямель, паходзіла з сям’і полацкіх князёў. Яна была прамым нашчадкам знакамітай дачкі ўладара Полацкага княства Рагвалода – князёўны Рагнеды, з якой пачалася гісторыя Ізяславічаў.


Таксама яна была ўнучкаю самага містычнага беларускага князя, які, паводле чутак, мог пераўтварацца ў ваўкалака, – Усяслава Брачыславіча, больш вядомага як Усяслаў Чарадзей.


Калі Прадславе было 12 гадоў, ейныя бацькі, згодна з тагачаснымі традыцыямі, пастанавілі выдаць дачку замуж. Але дзяўчына не мела ніякага жадання звязаць сябе сямейнымі вузамі, усім сэрцам імкнучыся да асветніцкага і духоўнага жыцця.



Прадслава вызначыла прысвяціць сябе Богу. Употай ад бацькоў дзяўчына пастрыглася ў манашкі. Асаблівую ролю ў гэтым адыграла ейная родная цётка, якая ў той час была ігуменняю Полацкага манастыра. І бацькі вымушаныя былі прымірыцца з выбарам дачкі.


Там жа дзяўчына і атрымала новае імя, пад якім мы яе цяпер ведаем, – Еўфрасіння.


Сваёй дзейнасцю Еўфрасіння Полацкая на некалькі стагоддзяў апярэдзіла час. Яна сталася першай у гісторыі Беларусі мецэнаткаю. Дзякуючы ёй былі створаныя першыя школы. Яна дбала аб перапісванні кніг, развіцці дойлідства. Духоўны ўплыў беларускай асветніцы выйшаў далёка за межы эпохі.


У наш час Еўфрасіння Полацкая ўшаноўваецца як асветніца і апякунка Беларусі праваслаўнымі і грэка-каталікамі.

 

З нагоды святочнай даты «Белсат» падрыхтаваў падборку цікавых фактаў пра знакамітую беларускую дзяячку.


Еўфрасіння Полацкая – першая жанчына, якая:

 

  • заснавала праваслаўны манастыр;
  • збудавала храм, што, дарэчы, стаіць і да сённяшняга часу. Гэта храм у гонар Усяміласцівага Спаса. Знакамітая царква паўстала ў рэкордна кароткі тэрмін – усяго за 30 тыдняў. Побач з ёю раскінуўся і манастыр.
  • сталася натхніцелькаю стварэння бадай што самай легендарнай беларускай святыні. У 1161 годзе Еўфрасіння звярнулася да майстра-ювеліра Лазара Богшы, каб той стварыў шасціканцовы крыж. Крыж вышынёю каля 52 см быў выраблены з кіпарысу, абабіты залатымі і срэбранымі пласцінамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20 абразкамі. Акрамя таго ў пяці паглыбленнях крыжа месціліся хрысціянскія рэліквіі. За часам Вялікай Айчыннай вайны крыж быў выкрадзены. І дагэтуль дакладна невядома, дзе ён;
  • атрымала цудатворны абраз Божай Маці, напісаны самім евангелістам Лукою;
  • ёсць першаю асветніцаю ў Беларусі;
  • сталася першаю ўсходнеславянскаю праваслаўнаю святою, якую, між іншым, прызнаюць усе хрысціянскія канфесіі;
  • уважаецца самаю вядомаю нябеснаю заступніцаю і апякункаю Беларусі;
  • ёсць адзінаю хрысціянскаю святою, да вобразу якой, як да ніводнага іншага, звярталіся ў сваіх паэтычных і празаічных прысвячэннях некалькі дзесяткаў знакамітых беларусаў. Сярод іх Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі, Алесь Звонак, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Алег Лойка, Валянцін Лукша і многія іншыя.

 

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10