навіны

Зачыстка «Беларуськалія» і прысуд маці палітзняволенай. Рэпрэсіі 4 студзеня

Плошча Пераменаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плошча Пераменаў. Мінск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

На «Беларуськаліі» зноў пачалася зачыстка – звальненні праз палітыку, а ў Пружанах пакаралі маці палітзняволенай. Падрабязней пра гэта ў штодзённым аглядзе рэпрэсій.

З канца 2024 года на «Беларуськаліі» новая хваля палітычных звальненняў, якія звязаныя з 2020 годам. Звальняюць за пратэсты, назіранне за выбарамі, подпісы за страйк і гэтак далей. Пра гэта «Зеркалу» распавяла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.


Адзначаецца, што звальненні працягваюцца і ў 2025 годзе. Людзей выклікаюць на размову да кіраўніцтва, а потым звальняюць «адным днём».


«Штодня ў працоўны час па чатыры – пяць чалавек выклікаюць на размову да кіраўніцтва, пасля чаго "адным днём" звальняюць. Калі хтосьці не згодны, то выклікаюць сілавікоў і ў кайданах выводзяць за браму, – перадае крыніца. – Звальненні за палітычную актыўнасць былі і раней, пасля страйку 2020 года яны ідуць хвалямі. Новае кіраўніцтва дабівае тых, каго пашкадавала старое. Яны паднялі спісы тых, хто падпісаўся за страйк у 2020-м. Неафіцыйна прад'яўляюць менавіта гэта, але фармальна кантракт разрываюць па пагадненні бакоў».


Тым часам стала вядома, што маці палітзвяволенай, 56-гадовую Таццяну Васільеву пакаралі 2 гадамі хатняй «хіміі». Пра гэта даведалася «Наша Ніва».


Жанчыну, якая да суду была ў СІЗА, адпусцілі з-пад варты.


Таццяну Васільеву пакаралі за інтэрую «Белсату» у 2021 годзе – нібыта яна садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасці.


Дачка Таццяны, Юлія Лаптановіч, палітзвяволеная. Яе пакаралі па «карагоднай справе» разам з мужам Ігарам. Ён ужо выйшаў на волю, а Юлія застаецца за кратамі. У пары трое непаўналетніх дзяцей.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10