Відавочна, што ў сістэме, збудаванай Аляксандрам Лукашэнкам, далёка не ўсё працуе належным чынам. І дзяржава ведае, наколькі кепска яна спраўляецца. Гэта вынікае з дакументаў Камітэту дзяржаўнага кантролю, якія «BELPOL» перадаў «Белсату».
Камітэт дзяржаўнага кантролю – орган, які падпарадкоўваецца наўпрост Аляксандру Лукашэнку і сочыць за выкананнем ягоных даручэнняў, а таксама за дзейнасцю як дзяржаўных органаў, гэтак і звычайных беларусаў – аж да кантролю цэнаў на рынках. Як паказалі раней здабытыя арганізацыяй «BELPOL» дакументы, КДК можа фактычна загадваць прэм’ер-міністру разабрацца з нейкаю праблемаю – напрыклад, з неканкурэнтаздольнасцю дзяржаўных ветэрынарных клінік.
У структуру КДК уваходзіць Дэпартамент фінансавых расследаванняў, які сярод іншага займаецца палітычнымі рэпрэсіямі пад выглядам змагання з эканамічнымі злачынствамі, за што ДФР і ягонае кіраўніцтва трапілі пад санкцыі Еўразвязу і Злучаных Штатаў. Пры тым «кантралёры» самі карумпаваныя: сёлета ў лютым Лукашэнка пацвердзіў затрыманні ў КДК і ДФР за атрыманне хабару.
Лукашэнка любіць рабіць «разносы»: хоць канкрэтнаму мотавелазаводу, хоць усёй сістэме аховы здароўя, хоць цэламу ўраду… Ды колькі б Лукашэнка ні рабіў «разносаў», у той жа сельскай гаспадарцы рэгулярна выяўляецца, што каровы ўсё роўна брудныя. Выглядае, што праблемы ў Беларусі не кропкавыя і не толькі на найвышэйшым узроўні, а проста паўсюдныя.
«BELPOL» падзяліўся з «Белсатам» двума дакументамі КДК: у канцы 2023 года Калегія КДК «прайшлася» па лясной гаспадарцы і транспартавай галіне ў Віцебскай вобласці. Такіх дэталізаваных «разносаў» Лукашэнка не ладзіць.
Што з транспартам у Віцебскай вобласці
Яшчэ адна пастанова Калегіі КДК, якую «BELPOL» перадаў «Белсату», датаваная 17 лістапада 2023 года і датычыць пасажырскіх перавозаў у Віцебскай вобласці.
Паводле КДК, Камітэт архітэктуры і будаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму, «Віцебскаблаўтатранс» і абласное прадпрыемства «Аператар перавозаў» не зрабілі вычарпальных захадаў для эфектыўнай арганізацыі пасажырскіх перавозаў, хоць гэтыя пытанні разглядаліся на паседжаннях аблвыканкаму штогод з 2019-га. Кепска спрацавалі ў каардынацыі дзеянняў дзяржаўных замоўнікаў і аператараў перавозаў, не павышаная як трэба акупальнасць і эфектыўнасць, не створаныя ўмовы для сумленнай канкурэнцыі, не зробленыя належныя захады ў аптымізацыі маршрутнай сеткі.
«Віцебскаблаўтатранс» сістэматычна дапускаў зрывы рэйсаў: зрываў кожны 20-ы рэйс, прычым за першыя 9 месяцаў 2023 года колькасць нявыкананых рэйсаў вырасла на 19,4 %. Акупальнасць гарадскіх пасажырскіх перавозаў забяспечаная толькі на 55,8 %, праца ў зніжэнні сабекошту «носіць фармальны характар». Страты ад пасажырскіх перавозаў за студзень – верасень 2023 года склалі Br 5,8 млн. Стратныя і грузавыя перавозы, але на меншую суму: Br 0,3 млн за той жа перыяд.
Вакансіяў кіроўцаў у Віцебскай вобласці на момант напісання дакументу было 221, або 18 % ад штатнай колькасці (КДК адзначыў нізкія заробкі кіроўцаў, 80,5 % ад сярэдніх па вобласці). Зношанасць пасажырскага рухомага складу вялікай і асабліва вялікай умяшчальнасці – больш за 70 % (з фактычна эксплуатаваных аўтобусаў 52 % выпрацавалі нарматыўны тэрмін), каэфіцыент выпуску транспартавых сродкаў на лінію – 0,52. У 2024–2027 гадах трэба закупаць 463 аўтобусы.
Асабліва кепска было ў Воршы, дзе фактычна зрывалі кожны пяты рэйс. І гэта пры тым, што ў Воршы толькі чвэрць – 30 са 120 – аўтобусаў эксплуатаваная больш за нарматыўны тэрмін, гэта найменшы паказнік у вобласці. Асноўная прычына аршанскіх бедаў з транспартам – брак кіроўцаў, на 1 кастрычніка 2023 года былі аж 33 вакансіі. Страты аршанскага Аўтобуснага парку № 3 ад асноўнай дзейнасці склалі Br 942,6 тысячы за 9 месяцаў. Гэты аўтобусны парк меў таксама шмат некарыстанай маёмасці, на ўтрыманне якой штогод траціў каля Br 35 тысячаў. Акупальнасць гарадскога транспарту ў гэтым аўтапарку склала 38,9 % пры заданні на год 94 %.
«Віцебскаблаўтатрансу» вызначылі шляхі скарачэння выдаткаў і змяншэнні стратаў: за кошт звальнення лішніх працаўнікоў (9,5 стаўкі ў планава-эканамічным аддзеле і 17,5 стаўкі ў бухгалтэрыі) і перадачы няпрофільных актываў (інтэрнату, дзіцячага аздараўленчага летніку і аўтастаянкі). І нагадалі, што не былі сабраныя даўгі з парушальнікаў, чые транспартавыя сродкі былі адбуксаваныя на стаянку: з продажу незапатрабаваных транспартавых сродкаў можна было б зарабіць Br 3,2 мільёна.
КДК таксама адзначыў, што мясцовыя органы ўладаў «аслабілі кантроль» над прыватнымі перавознікамі, на якіх прыпадае 40 % пасажырскіх перавозаў Віцебскай вобласці. Прыватнікаў вінавацяць у «незаконнай мінімізацыі выдаткаў»: праз драбленне бізнесу ўхіляюцца ад сплаты падаткаў, утойваюць выручку праз нявыдачу пасажырам квіткоў, частку заробкаў плацяць «у канвертах».
Ці ўдалося перамагчы ўсе гэтыя беды, невядома: навінаў пра новыя высновы КДК не публікавалі. Але год з лішнім таму КДК наракаў на нізкія заробкі кіроўцаў, у сярэднім Br 1260, а 11 лістапада 2024 года апублікаваў абвестку пра пошук 24 кіроўцаў аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў на заробкі Br 1800–2400. А дырэктар «Віцебскаблаўтатрансу» Аляксандр Федуковіч, падобна, захаваў пасаду.
Алесь Наваборскі belsat.eu