навіны

«Тлумачым геапалітычную ролю Беларусі». Вячорка пра кантакты з адміністрацыяй Трампа

Франак Вячорка
Франак Вячорка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
podpis źródła zdjęcia

Франак Вячорка, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай, распавёў «Белсату», ці наладжваюць дэмакратычныя сілы сувязі з будучай адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа і як пасля ягонай інаўгурацыі 20 студзеня можа змяніцца палітыка ЗША ў дачыненні да нашай краіны.

«Не думаем, што будзе разварот у палітыцы»


Цяпер у амерыканскай адміністрацыі транзітны перыяд – папярэдняя адміністрацыя Байдэна перадае свае справы новай адміністрацыі Трампа, прызначаюцца людзі на розныя пасады. Пакуль ідзе гэты працэс змяненняў, Офіс Святланы Ціханоўскай пачынае наладжваць кантакты з камандамі ключавых асобаў з новай адміністрацыі – тых, з кім давядзецца камунікаваць пасля 20 студзеня, калі адбудзецца інаўгурацыя Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША.

,,

«Галоўныя для нас, канешне, гэта Рада бяспекі ў Белым доме і Дзярждэпартамент ЗША, бо гэта тыя людзі, якія будуць вызначаць палітыку і па Усходняй Еўропе, і па Беларусі ў прыватнасці, – кажа Франак Вячорка. – І па першых кансультацыях, якія ў нас ужо былі ў лістападзе і ў снежні, мы не думаем, што будуць вялікія змяненні ці разварот у палітыцы, бо ўсе разумеюць, хто такі Лукашэнка і што такое лукашызм».


Святлана Ціханоўская на сайд-івэнце «Палітзняволеныя ў Беларусі: сумесныя намаганні па іх вызваленні» на палях Варшаўскай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ. Кастрычнік 2024 года. Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет / Telegram
Канферэнцыі, сустрэчы, кансультацыі: Аб’яднаны пераходны кабінет распавядае пра вынікі працы навіны

У той жа час беларускім дэмакратычным сілам трэба будзе тлумачыць пагрозу незалежнасці Беларусі і сувязь нашай краіны з Украінай, бо «тут яшчэ няма такой яснасці», лічыць дарадца Ціханоўскай.


Таксама пакуль не зразумела, як будзе выглядаць стратэгічны дыялог дэмакратычных сілаў з ЗША.


«Я ўпэўнены, што ён працягнецца, але ці ён будзе развівацца і пашырацца, ці застанецца больш на тэхнічным узроўні, як цяпер – будзе бачна. Так ці інакш, у нас дастаткова пазітыўныя, аптымістычныя ўражанні ад першых кантактаў. І ў Кангрэсе, я думаю, таксама будзе падтрымка на тым жа узроўні», – кажа Вячорка.


«Мы не атрымалі новага прэзідэнта ЗША, які нічога не ведае пра Беларусь»


Акрамя ключавых камандаў у Белым доме і Дзярждэпартаменце, у Офісу ёсць сувязі з новым кіраўніком Камітэту па замежных справах, а таксама Сенату і Палаты прадстаўнікоў. Гэтыя людзі раней былі знаёмыя са Святланай Ціханоўскай, сустракаліся з ёй, таму ім не трэба было тулмачыць патрэбу ў падтрымцы і ў фокусе на Беларусь, зазначае дарадца беларускай лідаркі.


У той жа час, на думку Вячоркі, увесну, «калі ўжо ўсталюецца новая адміністрацыя, трэба будзе зрабіць візіт у Вашынгтон, прайсціся па ўсіх кабінетах, аднавіць працу групы Сяброў дэмакратычнай Беларусі ў Кангрэсе, і прапісаць план на год – два супрацы».


Прыгадваючы першы прэзідэнцкі тэрмін Дональда Трампа, Вячорка кажа, што тады стаўленне да Беларусі ў ЗША было вельмі агульным. Панавала спадзяванне, што можна адцягнуць Лукашэнку ад Расеі. Адбылася першая пастаўка амерыканскай нафты ў Беларусь, прыязджаў тагачасны дзяржсакратар Майкл Пампэо – спрабаваў наладзіць адносіны з Лукашэнкам, з чаго, праўда, нічога не выйшла, пра што Пампэо потым пісаў у сваіх мемуарах.

,,

«Тады амерыканскія палітыкі расчараваліся ў магчымасці перавыхаваць Лукашэнку, і я думаю, што зараз падобнай памылкі яны не паўтораць, – кажа дарадца Ціханоўскай. – Сам Трамп напрыканцы свайго першага тэрміну ўжо зарыентаваўся што датычыць сітуацыі ў Беларусі, падпісаў санкцыі. <...> Таму мы не атрымліваем новага прэзідэнта ЗША, які нічога не ведае пра Беларусь. Але так, многае змянілася за гэтыя чатыры гады, і нашай задачай будзе патлумачыць, якая роля цяпер у Беларусі».


Андрэй Стрыжак, Наста Базар, Валер Карбалевіч. Калаж: Белсат
Чаго чакаць ад 2025 года? Спыталі экспертаў. Частка 1: пра выбары і «адлігу» Аналітыка

Дэмакратычная Беларусь – у інтарэсах ЗША


Беларускі палітык мяркуе, што патлумачыць усё гэта будзе даволі проста, бо ў інтарэсах ЗША цяпер, каб Беларусь была дэмакратычнай і мірнай краінай без расейскай ядравай зброі на мяжы з краінамі НАТО. Акрамя таго, Вячорка зазначае, што Беларусь мае вялізны эканамічны патэнцыял, а рэфармаванне яе эканомікі магло б адкрыць шырокія магчымасці для амерыканскіх інвестыцыяў.


«Нашая задача – патлумачыць, што <...> калі мы проста замарозім вайну, але не спынім Расею ў іншых краінах, дзе яна праводзіць сваю злачынную агрэсіўную палітыку, то гэта будзе толькі часовым развязаннем. Мы таксама павінны тлумачыць геапалітычную ролю Беларусі і што калі аддаць яе Пуціну ў фармаце сатэлітнай правінцыі, то гэта пакідае вялізны балкон над Украінай і над краінамі НАТО, што можа прывесці да чарговай хвалі правакацыяў, працягу міграцыйнага крызісу, ваенных дзеянняў у тым ліку з выкарыстаннем расейскіх войскаў», – дадае Вячорка.


Паводле старэйшага дарадцы Ціханоўскай, на дыпламатычныя саступкі Лукашэнку заходнім краінам цяпер ісці не варта, бо гэта не дапаможа ні вызваліць палітвязняў, ні ўвогуле лібералізаваць сітуацыю ў Беларусі, а наадварот, прывядзе да ўзмацнення рэпрэсіяў і ўседазволенасці.


«Мы маем такія кейсы – Азербайджану, Туркменістану, на рэпрэсіі ў якіх ужо ніхто не звяртае ўвагі, – нагадвае палітык. – Ніхто не ведае, колькі палітвязняў у Азербайджане, бо гэта не на парадку дню. Але тое, што Захад гандлюе з Азербайджанам, ніякім чынам не лібералізавала сітуацыю ўнутры краіны. Так і аднаўленне адносінаў з Лукашэнкам ніяк не лібералізуе сітуацыю ў краіне. Наадварот, яна закансервуецца, рэпрэсіі нармалізуюцца, пра палітвязняў на Захадзе, каб не парушыць нейкія бізнес-угоды, не будуць і казаць. Таму лепш не рабіць такой памылкі, а трымаць тэму вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсіяў, сканчэння вайны першымі на парадку дню».


Франак Вячорка анансаваў выступ Святланы Ціханоўскай у асноўнай частцы на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе 20 – 24 студзеня, дзе беларуская лідарка ў чарговы раз прадставіць пазіцыю дэмакратычных сілаў адносна вызвалення палітвязняў і непрызнання легітымнасці прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў Беларусі 26 студзеня.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10