Максім Асташаў узначальваў крымінальна-выканаўчую інспекцыю АУС Светлагорскага райвыканкама. А потым быў звольнены.
Пазоў Максіма Асташава аб «прызнанні незаконным загаду аб звальненні, змяненне фармулёўкі прычын звальнення» да УУС Гомельскага аблвыканкама 3 студзеня разглядае суд Цэнтральнага раёна Гомля.
Даныя пазоўніка цалкам супадаюць з данымі начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Светлагорскага райвыканкама, піша «Флагшток».
Першыя публікацыі пра Асташава з'явіліся ў 2020 годзе. Як сцвярджае «Чорная кніга Беларусі», у той час Асташоў працаваў участковым інспектарам і падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў на прэзідэнцтва масава складаў пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, «у тым ліку і за язду на ровары». Таксама адзначаецца, што гэты міліцыянер даваў сведчанні, «у якіх нібыта апазнаваў вінаватых, нават не бачачы іх твараў».
З таго часу маёр даслужыўся да начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі, а затым па нейкіх прычынах быў звольнены.
Тэса Анэйда belsat.eu