Пасля Калядаў і Новага году на мяжы Беларусі з ЕЗ зноў утварыліся чэргі з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў – агулам іх амаль 1000 у чарзе па стане на 3 студзеня. Чакаць выезду даводзіцца амаль содні, распавядаюць удзельнікі памежных чатаў.
Беларускія памежнікі абвінавачваюць у чэргах краіны ЕЗ
Па стане на раніцу 3 студзеня самым загружаным прапускным пунктам быў Берасце – Тэрэспаль. Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, на гэты час уезду ў Польшчу чакалі 790 легкавых аўтамабіляў і 8 аўтобусаў.
Беларускія памежнікі сцвярджаюць, што польскі бок «за два дні аформіў 33% легкавушак ад нормы».
Уезду ў Літву раніцай 3 студзеня на пункце пропуску Каменны Лог – Медзінікай чакалі 30 легкавых аўтамабліяў, а ў Беняконях (Шальчынінкай на літоўскім баку) – 20.
Чэргі з фураў фікскуюцца толькі на латвійскім і літоўскім кірунках. На мяжы з Латвіяй (Грыгароўшчына – Патэрніекі) раніцай чакалі больш за 160 цяжкавікоў.
,,«Сумежны бок за двое содняў прыняў на сваю тэрыторыю 31% фураў ад нормы», – заяўляе беларускі памежны камітэт.
На памежным пераходзе Беняконі – Шальчынінкай уезду ў Літву чакалі 10 цяжкавых аўтамабіляў.
Самая вялікая чарга – у Берасці
Паводле інфармацыі на сайце «Белтаможсервис», дзе можна рэгістравацца ў электроннай чарзе, па стане на 14:20 3 студзеня на пераходзе Берасце – Тэрэспаль чакалі 836 легкавых аўтамабіляў і 1 аўтобус.
У Казловічах (Кукурыкі з польскага боку) – 4 цяжкавыя аўтамабілі.
На мяжы з Літвой у Беняконях чарга з 59 легкавых аўтамабіляў, у Каменным Логу – з 47.
У Грыгароўшчыне праезду чакалі толькі 4 легкавушкі і 92 цяжкавіка.
У тэлеграм-чаце «ГраницаBY» людзі пішуць, што ўехаць у Літву на аўтобусе даволі проста – вялікіх чэргаў няма.
,,«Экалайнз». Адпраўленне з Менску ў 4:00 (3 студзеня – рэд.). 5:50 пад’ехалі да мяжы. Перад шлагбаўмам пуста. 6:30 – уехалі ў пункт пропуску, перад намі афармляўся 1 атобус. 9:10 – выехалі з РБ. 11:00 па беларускім часе – прайшлі літоўскую мяжу», – распавядае адзін з удзельнікаў чату.
Яшчэ ў адным паведамленні гаворыцца, што аўтобус, які адправіўся з Менску ў 6:30 3 студзеня, уехаў у Літву ў 11:02 паводле мясцовага часу (10:02 паводле беларускага).
Мяжа ў бок Беларусі ўвогуле пустая, кажуць у чаце – усё афармленне з абодвух бакоў займае гадзіну.
«Першы аўтобус – 40 еўраў з чалавека»
Нашмат горшая сітуацыя на польска-беларускай мяжы – там даводзіцца чакаць амаль содні.
,,«РБ → РП: чаканне ў чарзе – 21 гадзіна 42 хвіліны. Нумар у чарзе пры рэгістрацыі: 497, – распавядае ўдзельнік чату. – Дата рэгістрацыі: 02.01.2025 13:57, дата выкліку на ПП: 03.01 11:39».
У чалавека, які выязджаў з Беларусі пад нумарам 467 у электроннай чарзе, дарога праз мяжу заняла 19 гадзінаў 2 хвіліны:
«Дата рэгістрацыі: 02.01.2025, 13:18, дата выкліку на ПП: 03.01.2025 08:20».
Аўтобусы, якія стаяць першымі ў чарзе, як звычайна, прапаноўваюць падсадку на вольныя месцы за грошы.
«Берасце – Варшава, першы аўтобус 40 еўраў з чалавека», – паведамляюць у памежным чаце.
Цягам пятніцы 3 студзеня сітуацыя, відавочна, пагаршаецца, і можна чакаць, што на выходных чэргі будуць яшчэ большыя.
«Аўтамабіляў у чарзе 838. Выклікана машын за 24 гадзіны: 526 + 21 паводле прыярытэту. Тэмп выкілку машын у гадзіну: 19,88, – распавядае ўдзельнік чату пра стан у чарзе чаканне на пераходзе Берасце – Тэрэспаль у 14:35 3 студзеня. – Час чакання першага аўта ў чарзе: 23 гадзіны 35 хвілінаў (стаў у чаргу 538-м). Прыкладнчы падлік чакання пры рэгістрацыі ў зоне чакання: 1 дзень 18 гадзінаў 12 хвілінаў (да 05.01.20205, 08:47)».
З Польшчы, як і з Літвы, уезд у Беларусь шмат часу не зойме.
«РП – РБ 1 гадзіна. У кірунку Польшчы бачыў штук 7 аўтобусаў перад шлагбаўмам», – піша ўдзельнік чату.
Калапс на святы і не толькі
Перад Калядамі вялізныя чэргі на мяжы збіраліся наадварот на ўезд у Беларусь. Праходжанне латвійска-беларускай мяжы займала да 35 гадзінаў, польскай – да 33, літоўскай – больш за 40 гадзінаў.
На ўезд у Польшчу чэргі з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў перыядычна ўтвараюцца і ў звычайны, несвяточны час. На мяжы з Літвой і Латвіяй звычайная справа – кіламетровыя чэргі з фураў.
Крытычнай была сітуацыя на беларуска-польскай мяжы ў жніўні 2024 года – тады людзям даводзілася чакаць па некалькі содняў, а некаторыя вырашылі зарабіць на сітуацыі і прадавалі месцы ў чарзе.
Беларускі памежны камітэт увесь час абвінавачвае ў праблеме сумежныя краіны Еўразвязу і выдае інфармацыю аб тым, што яны прымаюць нашмат менш аўтамабіляў і аўтобусаў, чым прадугледжана нормай. Так, беларускія памежнікі казалі, што за содні з 8 на 9 снежня літоўскі пункт пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог з беларускага боку) прыняў 11 цяжкавых аўтамабіляў з 500 магчымых, што склала 2 % ад нормы.
З Беларусі ў Польшчу на легкавым аўтамабілі ці аўтобусе можна выехаць толькі праз прапускны пункт Берасце – Тэрэспаль, у Літву – праз Каменны Лог – Медзінінкай і Беняконі – Шальчынінкай, у Латвію – праз пераход Грыгароўшчына – Патэрніекі.
У ліпені і жніўні 2024 года Літва, Латвія і Польшча ўвялі абмежаванні на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Цяпер уладальнікі машын, зарэгістраваных у Беларусі, могуць трапіць у ЕЗ толькі праз пункт пропуску Берасце. У Каменным Лозе і Беняконях – толькі пры наяўнасці літоўскай візы або дазволу на жыхарства ў Літве.
Марыя Міхалевіч belsat.eu