Польскаму салдату, які адкрыў агонь у населеным пункце Мельнік побач з беларускай мяжой, прад’яўлены абвінавачванні. Яны датычацца замаху на забойства, пагрозаў, перавышэння паўнамоцтваў, а таксама нясення службы ў стане алкагольнага ап’янення.
Як паведамляе PAP са спасылкай на пракуратуру, вайскоўцу 25 гадоў. Ён служыць у 3-м батальёне Падгальскіх стралкоў 18-й Механізаванай дывізіі ад красавіка 2024 года. На мяжы салдат знаходзіўся ад пачатку снежня.
Інцыдэнт адбыўся 1 студзеня. Салдат са зброяй пакінуў лагер, дзе павінен быў несці службу. На дарозе ён спрабаваў спыніць аўтамабіль, стрэліўшы ў паветра, а пасля – па машыне, затым схаваўся ў лесе. Праз некаторы час яго затрымала пошукавая група вайскоўцаў. Высветлілася, што салдат быў нецвярозым. Праверка паказала наяўнасць 2 праміле алкаголю ў паветры, што ён выдыхаў.
2 студзеня стала вядома, што ў машыне, якую спрабаваў спыніць вайсковец, ехалі мужчына і яго 13-гадовая дачка. Дзяўчына змагла ўцячы з аўтамабіля, а бацька спрабаваў з’ехаць. Паведамляецца, што адна з куль, якія выпусціў салдат, трапіла ў пасажырскае месца. Ніхто не пацярпеў. Усяго ж салдат зрабіў не менш за 65 стрэлаў. Прытым страляў ён не толькі падчас спробы спыніць аўтамабіль.
Затрыманага дапыталі ўжо ў цвярозым стане. Салдат сазнаўся, што выпіў, каб зняць стрэс, звязаны са службай, і накіраваўся да бліжэйшай дарогі. Таксама ён паведаміў, што памятае, як страляў у паветра, але не памятае, каб страляў у бок аўтамабіля.
Кіраўніцтва аперацыі «Бяспечнае Падляшша» асудзіла інцыдэнт.
«Гэта ганебны выпадак і непрымальныя паводзіны, якія супярэчаць каштоўнасцям і стандартам, што кіруюць Войскам Польскім», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.
«Салдат, які страляў па машыне ў Мельніку, будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і неадкладна звольнены са службы. Такія бандыцкія паводзіны недапушчальныя», – заявіў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Надзея Вольная belsat.eu