Шуфлядка

Найлепшыя фільмы і міні-серыялы 2024 года, якія варта паглядзець

Скрыншот з серыяла «Сёгун». Крыніца: Hulu
Скрыншот з серыяла «Сёгун». Крыніца: Hulu
podpis źródła zdjęcia

Наперадзе вялікія выходныя і золкае надвор'е, перажыць якія прасцей за ўсё будзе ў цёплым ложку з добрымі фільмамі. Калі наш топ калядных фільмаў вы ўжо паглядзелі, вось яшчэ адна падборка выдатных фільмаў і міні-серыялаў, якія выйшлі ў 2024 годзе.

Найлепшыя міні-серыялы года

Гэты год апынуўся на здзіўленне багаты на выдатныя міні-серыялы, так што нават калі вы не прыхільнік серыялаў, да іх абавязкова варта прыгледзецца. Да таго ж для прагляду не спатрэбіцца марнаваць гады свайго жыцця: усё найлепшае ўкладаецца максімум у 16 серый — ідэальны фармат на вялікія выходныя!

«Сёгун» (Shōgun)

Неверагодна атмасферны серыял, які ўжо паспеў атрымаць 18 прэмій «Эмі» (лічыце, што забраў амаль усе). На сайце-агрэгатары рэцэнзій «Rotten Tomatoes» ён мае рэкордныя 99% і атрымлівае званне найлепшага міні-серыяла 2024 года.

Дзеянне серыяла адсылае да XVII стагоддзя і гістарычнага рамана Джэймса Клавела (James Clavell). Гісторыя распавядаецца ад імя брытанскага героя Джона Блэктарна, марака, які са жлукты і аўтсайдара ператварыўся ў самурая, будучы пры гэтым пешкай у барацьбе японскага лідара Таранагі за здабыццё звання сёгуна. 

З невідавочных плюсаў: у серыяле задзейнічаны японскія гісторыкі, акцёры і сцэнарысты, таму тыповых галівудскіх кінапамылак тут не будзе — японская культура таго часу паказана настолькі праўдападобна, што серыял стаў супер-папулярным і ў самой Японіі.

Адзінае слабое месца: не вельмі ўдалая акцёрская гульня Космо Джарвіса (Cosmo Jarvis), які, як падаецца, можа паказваць толькі дзве эмоцыі — здзіўленне і збянтэжанасць. Застаецца незразумелым, як ён таксама трапіў пад гэтую россып узнагарод ўсяму складу серыялу. Зрэшты, гэта з лішкам кампенсуе неверагодная гульня Ганны Саваі (Anna Sawai) і Хіраюкі Санады (Hiroyuki Sanada) (ён яшчэ і прадзюсар фільма, хоць большасць узгадае яго па «Апошнім самураі»).

Скрыншот з серыяла «Пінгвін». Крыніца: HBO Max
Скрыншот з серыяла «Пінгвін». Крыніца: HBO Max

«Пінгвін» («The Penguin»)

Калі вы амаль заўсёды ад пачатку ведаеце, хто забойца ў крымінальнай драме і на трэцяй серыі пачынаеце сумаваць ад недахопаў у сцэнары, якія прыхаваны спецэфектамі, гэта серыял — для вас. 


У адрозненне ад зусім правальнага «Джокер: вар'яцтва на дваіх», гэтая жорсткая крымінальная драма не пакінула абыякавай нікога – ні гледачоў, ні крытыкаў. У выніку серыял мае 95% на «Rotten Tomatoes».

Пры тым, што серыял адсылае да фільма «Бэтмен» 2022 года, вам наогул неабавязкова глядзець апошні. Гісторыя галоўнага ліхадзея Оза Кобса (ён жа Пінгвін) змясцілася ў восем серый так выразна, што перадгісторыі ёй не вельмі і патрэбныя. Тут наогул усё пайшло насуперак сюжэтам коміксаў: ні аднаго супергероя або суперліхадзея, толькі самыя звычайныя людзі з уласнымі комплексамі і страхамі.


Бонусам – зацаніце шасцігадзінны грым Коліна Фарэла (Colin Farrell) (які яго зненавідзеў), гульню Крысцін Міліоці (Cristin Milioti) з серыяла «Як я сустрэў вашу маму» і музыку да стужкі.

Скрыншот з серыяла з «Прэзупцыя невінаватасці». Крыніца: Apple TV+
Скрыншот з серыяла з «Прэзупцыя невінаватасці». Крыніца: Apple TV+

«Прэзумпцыя нявінаватасці» («Presumed Innocent»)


Яшчэ адзін выдатны міні-серыял у жанры юрыдычнага трылера, заснаваны на аднайменным бэстсэлеры Скота Туроу (Scott Turow). Паводле сюжэту, пракурор Расці Сэбіч у выкананні Джэйка Джыленхала (Jacob Gyllenhaal) вядзе справу аб забойстве калегі Каралін Палхемус, але неўзабаве сам становіцца галоўным падазраваным у яе злачынстве. 

Тут усё настолькі добра заблытана, што да апошняй серыі глядач будзе падазраваць ці ледзь не кожнага персанажа ў забойстве, у тым ліку галоўнага героя. І ўсё роўна будзе здзіўлены ў выніку.


Сярод шэрагу серыялаў аб забойствах і правасуддзі, якія паднадакучылі, тут аўтарам атрымалася пазбегнуць практычна ўсіх раздражняльных шаблонаў. Сярод мінусаў: ужо да сярэдзіны серыяла ад колькасці голага Джэйка Джыленхала ў нарэзках яго ўспамінаў вочы міжвольна пачынаюць закочвацца нават у самых адданых яго фанатак.

Скрыншот з серыяла «Дыпламатка». Крыніца: Netflix
Скрыншот з серыяла «Дыпламатка». Крыніца: Netflix

«Дыпламатка» («The Diplomat»)


Для беларусаў, якія не распешчаныя насычаным палітычным жыццём ва ўмовах шматпартыйнасці, гэты серыял пакажа, як усё можа быць уладкавана ў дэмакратычных краінах. А для тых, хто стаў падазраваць, што «Netflix» развучыўся здымаць якаснае кіно, серыял падарыў надзею.


Паводле сюжэту другой часткі серыяла, які атрымаў свае 95% на «Rotten Tomatoes», у разгар міжнароднага крызісу дыпламатка Кейт Уайлер, новы амбасадар ЗША ў Вялікай Брытаніі, дапамагае ўрэгуляваць міжнародны крызіс і спрабуе не змарнаваць шлюб з калегам-дыпламатам.

У серыяле шмат дыялогаў, интрыг, тонкай іроніі і пародый на сапраўдных палітыкаў, з якімі 16 серый пройдуць незаўважна і вы будзеце жадаць працягу (а яго абяцалі ў 2025 годзе). 

«Фарга» («Fargo»)


У новым сезоне «Фарга» ад братоў Коўэнаў мала што засталося (ад чаго серыял, здаецца, толькі выйграў). На гэты раз гаворка ідзе пра Дораці Ліён, ролю якой выконвае зорка «Тэда Ласа» Джуна Темпл (Juno Temple). Яна выглядае як звычайная шчаслівая хатняя гаспадыня, але на самой справе хаваецца ад мінулых аб’юзіўных адносін у шчаслівым шлюбе, няхай і з трохі дурнаватым мужам.


Гэты міні-серыял добры як раз тым, што ад пачатку пабудаваны як чарговая нязграбная драма пра барацьбу дабра з ліхам, раскрываючы ўсе свае козыры толькі бліжэй да фіналу. Часта толькі ў апошніх серыях глядач пачынае разумець усю геніяльнасць гэтай іроніі пра фемінізм, дыктатуры, хатні гвалт і мноства іншых рэчаў, над якімі ўдала жартаваць умеюць толькі адзінкі.

Скрыншот з серыяла «Фарга». Крыніца: Hulu
Скрыншот з серыяла «Фарга». Крыніца: Hulu

Найлепшыя фільмы года

Нажаль, ні намінацыі на «Оскар», ні поспехі ў пракаце, ні тым больш рэйтынгі гледачоў, ужо даўно не сведчаць пра якасць фільмаў. Таму застаецца арыентавацца хіба што на рэйтынгі «Rotten Tomatoes» і ўласны густ. Калі вы засталіся расчараваныя новым «Джокерам» і «Гладыятарам», раім прыгледзецца да гэтых фільмаў.


«Прэтэндэнты» («Challengers»)

Мастацкі фільм рэжысёра апошняй «Суспірыі» і «Квіру» Лукі Гуаданьіно (Luca Guadagnino) атрымаў прызнанне як з боку гледачоў, так і крытыкаў (два дзясяткі разнастайных узнагарод таму сведчанне). 


Зендая (Zendaya) ў ролі вундэркінда тэніса Ташы, якая стала трэнерам і ператварыла мужа ў чэмпіёна. Але каб пераадолець шэраг параз і залагодзіць сваю віну, яму прыйдзецца пазмагацца са сваім былым лепшым сябрам і былым хлопцам Ташы. 


Гэты палюбоўны трохкутнік спрэс пазбаўлены дрэнных дыялогаў і недахопаў у сцэнары, стандартных для меладрам, і будзе трымаць вас у напрузе ўсе дзве гадзіны.


«Злая» («Wicked»)


«Злая» – першая частка мюзікла пра вядзьмарку Бастынду з краіны Оз працягласцю ў 2,5 гадзін. Фільм заснаваны на кнізе Грэгары Магуайра (Gregory Maguire) «Вядзьмарка: жыццё і часы Заходняй вядзьмаркі з краіны Оз». Большасць адсылак (а іх у стужцы вельмі шмат) не амерыканцу будзе распазнаць складана, але фільм усё роўна спадабаецца большасці гледачоў. Гэта відовішчны і яскравыі блакбастар, дзе маральныя дылемы, а таксама дабро і ліха не так адназначны. 

Выдатныя касцюмы, дэкарацыі, танцы і песні падораць прызабытае многімі адчуванне свята. Нават амерыканская поп-спявачка Арыяна Грандэ (Ariana Grande) на здзіўленне добра грае ў фільме і ўжо атрымала намінацыю на «Залаты глобус» за сваю ролю. 


Дадатковую «рэкламу» фільму зрабіў акцёр Ітан Слейтэр (Ethan Slater), які кінуў жонку з нованароджаным дзіцем дзеля Грандэ.

Скрыншот з фільма «Субстанцыя». Крыніца: Working Title Films
Скрыншот з фільма «Субстанцыя». Крыніца: Working Title Films

«Субстанцыя» («The Substance»)

Вы ўжо напэўна не раз чулі пра гэты боды-хорар з Дэмі Мур (Demi Moore) і Маргарэт Куолі (Margaret Qualley), і нездарма: ён узрушвае і не без чорнага гумару ўздымае вечныя тэмы — аб'ектывацыі жанчын і барацьбы безразважнай маладосці з узроставым досведам.


Паводле сюжэту, тэлезорка, якая старэе, пазбаўляецца працы і прымае медычны прэпарат з чорнага рынку: пасля адной ін'екцыі яна часова перараджаецца ў прыгожую 20-гадовую Сью. Але, як і любы моцнадзейны лек, гэты прэпарат мае ўласную схему прыёму, супрацьпаказанні і магчымыя ўскладненні. 

Дарэчы, узыходзячая зорка Маргарэт Колі – дачка Эндзі Макдаўэл (Andie MacDowell), даўняй сяброўкі і калегі Дэмі Мур. Так што ўлавіць падтэкст ў выбары гэтых гераінь лёгка і ў сапраўдным жыцці.


«Дзюна-2» («Dune 2»)


Выдатны працяг для прыхільнікаў сусвету «Dune», дзе жыццё ў спякотных пясках ўскладняецца велічэзнымі падземнымі чарвякамі і міжусобіцамі. Фільм Дэні Вільнёва (Denis Villeneuve) настолькі зачароўвае прыгожымі здымкамі, што не пакіне абыякавымі нават тых, хто нічога не ведае пра грувасткі аднайменны раман Фрэнка Герберта (Frank Herbert).


Паводле сюжэту Пол Атрэйдзіс аб'ядноўваецца з Чані і фрыманамі, знаходзячыся на сцежцы помсты змоўшчыкам, якія знішчылі яго сям'ю. Сутыкнуўшыся з выбарам паміж каханнем усяго яго жыцця і лёсам, ён спрабуе пры дапамозе здольнасці прадпачання прадухіліць жудасную будучыню.


Тэса Анейда / МВ belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10