Вайна

Забітыя ў Кіеве і Херсоне, баі пад Пакроўскам: вайна ва Украіне не спынялася на Новы год

Украінскія артылерысты пад Новы год
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія артылерысты пад Новы год. Фота: РСЗВ 21-го ОБСП Окремої президентської бригади імені гетьмана Богдана Хмельницького / Генеральний штаб ЗСУ / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1043 дні. Замірэння ці хаця б прыпынення агню не было ні на Каляды, ні на Новы год. Кроў лілася не толькі на фронце: расейскія войскі абстралялі шэраг гарадоў, забілі прынамсі трох мірных жыхароў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас навагодняга звароту. Фота: president.gov.ua

Зяленскі: Прыйдзе дзень, калі ўсе мы скажам: «Жыве Беларусь!»

навіны

Паводле зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны на 1 студзеня, за мінулы дзень было зафіксавана 191 баявое сутыкненне. Гэта вельмі высокая, але не рэкордная інтэнсіўнасць баёў. Найбольш баёў зафіксавалі на пакроўскім (57), краматорскім (32), курахаўскім (20) і ліманскім (19) напрамках, таксама баі трывалі на курскім напрамку на тэрыторыі Расеі.


Расейскія войскі нанеслі па Украіне пяць ракетных удараў 25 ракетамі, 10 авіяўдараў 29 кіраванымі бомбамі, учынілі 3200 абстрэлаў, з якіх 165 – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, а таксама каля 1260 удараў дронамі-камікадзэ. Паветраныя сілы Украіны налічылі 111 запускаў дронаў тыпу іранскіх «Shahed», з іх збілі 63 і «лакацыйна страцілі» без заўважнай шкоды яшчэ 46.

У Кіеве аскепкі дрона трапілі ў жылы будынак у Пячэрскім раёне, загінулі два чалавекі, параненыя шэсць. Ад абстрэлу ў Херсоне загінуў адзін чалавек, параненыя два.


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram выказаў спачуванні блізкім загінулай (на той момант было вядома пра адну ахвяру) і заявіў: «Расею нават у навагоднюю ноч хвалявала толькі тое, як зрабіць балюча Украіне».


Паводле падлікаў Генштабу ЗСУ, за мінулы дзень Расея страціла забітымі і цяжка параненымі 1250 чалавек, таксама страціла 4 танкі, 13 бронемашынаў, 4 артылерыйскія сістэмы, 1 верталёт (збіты, паводле ўкраінскага боку, марскім дронам у Чорным моры), 49 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і 1 адзінку спецтэхнікі.

Закрыты кінатэатр з банерам «Пакроўск – сіла казацкага роду». Пакроўск, Украіна. 12 снежня 2024 года. Фота: Сергій Нужненко / Radiosvoboda.org

Украіна можа страціць Пакроўск. Што гэта значыць – і чаму ўкраінцы не губляюць стрыманага аптымізму

Вайна

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Украіна налічыла за 2024 год страты Расеяй 427 чалавек, а заваявала ўсяго 4168 км² тэрыторыі – то значыць, за 1 км² украінскай зямлі заплаціла 102 страчанымі вайскоўцамі. Праўда, як адзначае ISW, асноўныя заваяванні – палі і малыя паселішчы ва Украіне, а таксама адваяваныя тэрыторыі Курскай вобласці Расеі. У 2024 годзе расейскім войскам удалося ўзяць Аўдзееўку, Сялідава, Вуглядар і Курахава з сумарным даваенным насельніцтвам у 31 тысячу чалавек, але пасля гэтага прыярытэтныя для Расеі мэты – вызваленне Курскай вобласці і заваяванне рэшты Данецкай – не былі дасягнутыя.


Каля паловы з тых тэрыторыяў Расея заваявала ў верасні-лістападзе. Расейскі наступ запаволіўся ў снежні, але колькасць ахвяраў з расейскага боку засталася той жа, што ў лістападзе, заўважае ISW.


«Расейскае ваеннае камандаванне, імаверна, дапусціла рэкордны ўзровень стратаў сярод асабовага складу з верасня па лістапад 2024 года, каб спрыяць большым тэрытарыяльным заваяванням, але застаецца незразумелым, ці будзе расійскае ваеннае камандаванне гатовае несці такія страты, калі хуткасць прасоўвання расейскіх войскаў будзе працягваць змяншацца, калі расейскія сілы працягваюць наступ на лепш абароненыя населеныя пункты, як Пакроўск», – піша ISW.


І нават на даўно акупаваных тэрыторыях застаюцца ўкраінскія патрыёты: жыхары Крыму і акупаваных частак Данбасу і Херсоншчыны па-партызанску віншуюць суайчыннікаў з Новым годам.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10