навіны

Пуціну няма чаго сказаць расейцам? Навагодняе віншаванне сталася адным з найкарацейшых

Навагодні зварот Уладзіміра Пуціна. Скрыншот відэа: ShowBiz Shorts / Youtube
Навагодні зварот Уладзіміра Пуціна. Скрыншот відэа: ShowBiz Shorts / Youtube
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін звярнуўся да расейцаў з навагоднім віншаваннем, што сёлета сталася адным з найкарацейшых за 25 гадоў ягонага кіравання. У прамове ён таксама нічога канкрэтнага не сказаў.

У сваім звароце Уладзімір Пуцін заявіў, што 2024 год «быў напоўнены шмат якімі, у тым ліку гістарычна значнымі, маштабнымі падзеямі», але не ўдакладніў якімі. Таксама ён казаў пра тое, што расейцы «ставілі перад сабой вялікія мэты і дасягалі іх, не раз пераадольвалі выпрабаванні», але зноў жа не патлумачыў, якімі былі мэты і выпрабаванні. Але дасягнутае, паводле яго, – гэта «надзейная аснова для далейшага развіцця».

Асобна ў сваім звароце ён адзначыў вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны, назваўшы іх «сапраўднымі героямі, якія ўзялі на сябе вялікую ратную працу абараняць Расею, забяспечыць народу трывалыя гарантыі міру і бяспекі». Пры гэтым удзел у нападзе на суседнюю краіну Пуцін параўнаў з перамогаю 1945 года над нацысцкай Нямеччынаю.

Адзін з найкарацейшых зваротаў

Расейскі лідар выступіў на фоне Крамля. Прамова Пуціна заняла 3 хвіліны 35 секунд і сталася адной з самых кароткіх за ўвесь час ягонага прэзідэнцтва, піша ТАСС.

Рэкордным быў зварот Пуціна ў 2022 годзе, калі прамова доўжылася каля дзевяці хвілінаў. Папярэднія навагоднія звароты Пуціна – у 2021 і 2020 гадах – таксама ставілі рэкорды працягласці. Яны доўжыліся 6 хвілінаў 22 секунды і 6 хвілінаў адпаведна. Да гэтага самым працяглым – больш як чатыры з паловаю хвіліны – было навагодняе віншаванне, з якім Пуцін выступіў 31 снежня 2013 года ў Хабараўску. У астатнія гады і Пуцін, і Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў пасаду прэзідэнта ў 2008–2012 гадах, былі больш лаканічныя ў сваіх навагодніх зычэннях. Самым кароткім было віншаванне расейцаў з 2006 годам, яно заняло крыху больш як дзве хвіліны.

Рэкорд жа працягласці навагодняга звароту застаецца за першым прэзідэнтам Расеі Барысам Ельцыным. 31 снежня 1999 года, перадаючы ўладу Пуціну, ён выступаў больш як 10 хвілінаў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10