Беларускія «Кіберпартызаны» заявілі пра ўзлом шэрагу дзяржаўных сайтаў і медыяў у Беларусі. Цяпер яны амаль усе не працуюць.
«Вырашылі ў свята вас парадаваць нападамі на лукашысцкія сайты. Задамо ім правільную атмасферу з навагоднім кібер-дызайнам і сапраўднай беларускай музыкай, якая аднойчы зноў будзе гучаць па ўсёй свабоднай Беларусі», – адзначылі «Кіберпартызаны».
Як заяўляецца, былі ўзламанаыя сайты Эканамічнага суда СНД, тэхнапарку Магілёва, навіновых рэсурсаў Берасця – Brest.by, virtualbrest.ru, vbrest.by. Пазней да спісу ўзламаных сайтаў дадаліся сайту санаторыю МУС, вайскова-прамысловых кампаніяў Ваенсэрвіс, Інасаер, Доследна-канструктарскага бюро імя М. П. Сіманава, даччынай кампаніі ААТ «РЖД».
У якасці доказаў узлому сайтаў «Кіберпартызаны» прывялі скрыншоты і спасылкі на вэб-архівы ўзламаных старонак. На іх былі размешчаныя нацыянальная сімволіка і сімволіка самой арганізацыі, звароты да беларусаў.
,,«У гэты святочны дзень мы вырашылі трохі вас пацешыць і развеяць лукашысцкую цемру на шэрагу вэб-сайтаў. У новым годзе не забывайце палітвязняў, іх родных, а таксама тых, хто працягвае барацьбу супраць дыктатуры і расейскіх захопнікаў. Асабліва нашых байцоў на фронце. Праз іх падтрымку вы набліжаеце перамены і вызваленне нашай БЕЛАРУСІ.
У 2025 годзе мы таксама просім вас рыхтавацца да пераменаў у нашай краіне. Рыхтуйцеся маральна, фінансава, фізічна. Перамены пачынаюцца і заканчваюцца ўнутры кожнага з нас.
Сабатуйце лукашысцкі рэжым даступнымі вам шляхамі. Альбо перадавайце нам доступы, а мы ўжо самі аб гэтым паклапоцімся.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! РАЗАМ ДА ПЕРАМОГІ!» – паведамлялася на сайце Эканамічнага суда СНД.
На момант напісання артыкула амаль усе са згаданых рэсурсаў не працавалі.
Якуб Хруст belsat.eu