навіны

Польшча ўвяла санкцыі супраць кіпрскай кампаніі, што прадавала беларускія ўгнаенні

«Горадня Азот». Фота: Azot.by
«Горадня Азот». Фота: Azot.by
podpis źródła zdjęcia

Прадпрыемства – экспарцёр беларускага карбаміду ўнесенае ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання (МУСіА) Польшчы. Пра гэта 31 снежня паведамілі ў Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (НПА) краіны.

Новыя санкцыі ўведзеныя ў дачыненні кампаніі «Rostumel Holding Limited», зарэгістраванай на Кіпры. Як заяўляецца, яна «займалася незаконным гандлем карбамідам беларускага паходжання, які насамрэч вырабляецца беларускай кампаніяй „Горадня Азот“, што застаецца пад санкцыямі ЕЗ».

,,

«Дзякуючы эфектыўным дзеянням НПА заблакавала больш як 70 % аб’ёмаў карбаміду, што завозіўся дагэтуль з Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні.


У МУСіА Польшчы адзначаюць, што кампанія «Rostumel Holding Limited» была зарэгістраваная на Кіпры 13 снежня 2018 года. У якасці яе асноўнай дзейнасці пазначаная брокерская дзейнасць і кіраванне нерухомасцю. Паводле кіпрскага рэестру, Аляксандр Акрытаў займае пасаду дырэктара кампаніі, а «Damelen Consulting Limited» – пасаду сакратара.

Ад імя «Rostumel Holding Limited» дзее фінансавы дырэктар Андрэй Свірыдаў, які, як мяркуецца, быў намеснікам Віктара Шэймана ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта Беларусі ў 2019–2021 гадах. На дадатак, кампанія звязаная з кіпрскай кампаніяй «Dimicandum Invest Holding LTD», фінансавым дырэктарам якой таксама ёсць Свірыдаў.

«Rostumel Holding Limited» у снежні 2023 і ў 2024 годзе змяніла сферу сваёй дзейнасці і занялася экспартам з Беларусі ўгнаенняў з карбаміду, адзіным вытворцам якога ў Беларусі выступае падсанкцыйнае прадпрыемства «Горадня Азот».

«Набываючы прадукцыю „Горадні Азоту“ (наўпрост ці ўскосна) і пасля экспартуючы яе, „Rostumel Holding Limited" парушае санкцыйныя абмежаванні, якія ўключаюць у сябе забарону на ўвоз і вываз беларускай прадукцыі ад суб’ектаў, якія падпадаюць пад санкцыі незалежна ад краіны, кампаніі або іншых абставінаў пасярэдніцтва», – заявілі ў польскім міністэрстве.

Гэта не першая кампанія, якая наўпрост або праз фірмы-пракладкі купляе ў «Горадні Азоту» азотныя ўгнаенні і ў абыход санкцыяў экспартуе іх у Польшчу, за што трапіла пад польскія санкцыі. У снежні ў чорны спіс увайшлі дзве юрыдычныя асобы, зарэгістраваныя ў Беларусі («Тэхнаспецтрэйдынг Экспарт» і «Тэхнаспецтрэйдынг»), адна – у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах («LLC World Chem Trading Co»). Перад тым Польшча ўвяла санкцыі супраць фірмы-пасярэдніка «NFT LLC».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10