Міністэрства адукацыі Беларусі робіць захады для паэтапнага падвышэння заробкаў педагогам у 2025 годзе. Гэта прадугледжвае адпаведная пастанова, апублікаваная 31 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Настаўнікам з 1 студзеня 2025 года аплата працы будзе падвышаная на 39 %, выхавальнікам дашкольнай адукацыі і памочнікам выхавальнікаў установаў дашкольнай адукацыі – на 20 %, выкладнікам, майстрам вытворчага навучання – на 27 %. Гэта робіцца дзеля «падвышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі».
Таксама «з мэтаю прыцягнення навуковых працаўнікоў да педагагічнай дзейнасці і падвышэння якасці рыхтавання студэнтаў» на 15 % будуць падвышаныя заробкі прафесарска-выкладніцкага складу. За ступень кандыдата навук будуць даплочваць 35 % ад акладу, дактарам навук – 55 % ад акладу.
На 20 % павысяцца заробкі сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў. Павялічыцца памер дыяпазону даплаты за асаблівыя ўмовы працы ў сярэднім на 10 % ад базавай стаўкі за працу з вучнямі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, разладам аўтычнага спектру, з сіротамі.
Адначасова сёлета сярэдні заробак у Беларусі ў лістападзе знізіўся на Br 31,6 у параўнанні з кастрычнікам і склаў Br 2331,8, хоць за год рэальныя заробкі выраслі на 11,7 %.
,,«Заробкі растуць другі год запар. У 2022-м росту амаль не было. Наколькі гэта сведчыць пра дабрабыт, сказаць цяжка, гэта ўсё ж такі проста лічба. Цэны на тавары ў крамах растуць больш за інфляцыю, якую публікуюць. Цэны растуць хутчэй, чымся ў Еўрапейскім Звязе, – каментаваў «Белсату» спецыяліст у міжнароднай эканоміцы Алесь Чайчыц. – Сітуацыя стабільная, але стабільна кепская. Бо перспектываў прарыву няма. Для прарыву патрэбныя рэформы, а рэформаў не будзе: для гэтага няма ані волі, ані магчымасцяў».
Адначасова ў Беларусі з ліпеня змяншаецца ВУП і ўсё больш павялічваецца дэфіцыт кадраў, што стрымлівае рост эканомікі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu