Медыяменеджар з Нідэрландаў Дэрк Саўэр і расейскі музычны крытык Арцемій Троіцкі запусцілі лэйбл «TMT Music», які плануе сканцэнтравацца на выданні музыкі артыстаў, якія з’ехалі з Расеі і Беларусі праз цэнзуру і палітычны ціск, паведамляе «The Moscow Times».
Першым рэлізам «ТМТ Music» стаўся сінгл расейскага рэпера Лігалайза «Всемирные», запісаны з удзельнікамі гуртоў «Каста», Krec, «Ногу свело», а таксама з Васем Абломавым, Навумам Блікам і Дзмітрыем Спірыным.
«ТМТ Music» плануе выпусціць новы альбом Лігалайза «Эпизод IV» у пачатку 2025 года. Спявак кажа, што сінгл стаўся адказам на прызнанне яго расейскімі чыноўнікамі «замежным агентам».
Дэрк Саўэр вядомы ў Расеі як заснавальнік выдавецкага дому «Independent Media», які выпускаў газеты як «The Moscow Times» і «Ведомости», а таксама часопісы «Cosmopolitan», «Esquire», «Harvard Business Review», «Men’s Health» і «National Geographic».
«Белсат» запытаўся ў сузаснавальніка новага лэйблу Арцемія Троіцкага, з кім з беларускіх музыкаў плануецца супраца.
,,«З беларускіх музыкаў мы пакуль ні з кім не вялі канкрэтныя перамовы, але збіраемся гэта зрабіць. Ёсць некалькі беларускіх гуртоў, якія ўжо маюць цалкам сімпатычныя кантракты з заходнімі лэйбламі», – адказаў журналіст і музычны крытык.
Як кандыдата на супрацу Троіцкі найперш назваў гурт «Молчат дома», а таксама «Длина волны», «Союз», «Петля пристрастия», выканаўцаў Галю Чыкіс, Паліну Рэспубліку.
«Агулам, у нас ёсць на прыкмеце некаторая колькасць артыстаў з Беларусі», – рэзюмаваў Троіцкі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu