навіны

«Белавія» не будзе правяраць сваіх самалётаў пасля авіякатастрофы ў Паўднёвай Карэі

Самалёт  «Boeing 737-800»
Самалёт «Boeing 737-800» у парку «Белавіі». Фота: holiday.by
podpis źródła zdjęcia

Паўднёвая Карэя абвесціла пра намер вывучыць стан усіх самалётаў «Boeing 737-800», адзін з якіх разбіўся 29 снежня. Генеральны дырэктар «Белавіі» Ігар Чаргінец заявіў, што не бачыць сэнсу ў такіх правяраннях у беларускай авіякампаніі.

Паводле Чаргінца, «Белавія» рэгулярна абследуе свае барты, праводзіць планавыя правяранні самалётаў – «гэта штодзённая праца авіякампаніі, яе авіяцыйна-тэхнічнай базы».


,,

«У нас пакуль няма ніякіх прычынаў займацца экстраннымі правяраннямі, пагатоў там незразумела, што адбывалася. Адзінае, што зразумела, самалёт сутыкнуўся – гэта было бачна з відэа – з птушкамі. Яны трапілі ў рухавік. Але чаму такая пасадка была – шмат што яшчэ вельмі незразумела», – сказаў Ігар Чаргінец.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: belavia.com

Беларусь хоча аднавіць авіязносіны з Еўропай

навіны

Кіраўнік «Белавіі» дадаў, што цяпер у парку нацыянальнай авіякампаніі ёсць некалькі бартоў «Boeing 737-800», яны абслугоўваюцца на планавай аснове.


Катастрофа самалёта «Boeing 737-800» рэйсу 7C2216 авіякампаніі «Jeju Air» адбылася 29 снежня а 5:30 паводле менскага часу. Лайнер кіраваўся ў Муан з Бангкоку. На борце быў 181 чалавек, сярод якіх 175 пасажыраў.


Падчас пасадкі ў аэрапорце самалёт праляцеў міма ўзлётна-пасадачнай паласы і ўрэзаўся ў агароджу, пасля чаго загарэўся. Паводле папярэдняй інфармацыі, катастрофа адбылася праз няспраўнасць шасі, выкліканую сутыкненнем з птушкамі.


У аварыі ацалелі толькі два чалавекі – бортправаднікі. Яны атрымалі траўмы сярэдняй і цяжкай ступені цяжкасці і былі шпіталізаваныя. Загінулі 179 асобаў.


2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, у дачыненні кампаніі «Белавія» ЗША ўвялі абмежаванні, звязаныя з экспартам прадукцыі авіяцыйнай сферы ды ліцэнзаваннем пэўных самалётаў і запчастак.


7 снежня 2023 года санкцыі былі падоўжаныя яшчэ на 180 дзён. 9 жніўня 2023-га «Белавію» дадалі ў санкцыйныя спісы ЗША. 3 лістапада 2023-га падчас прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар «Белавіі» Ігар Чаргінец прызнаў, што планы мадэрнізаваць флот самалётаў беларускай авіякампаніі былі парушаныя праз увядзенне заходніх санкцыяў.


29 траўня 2024 года Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у моцы санкцыі Еўразвязу, уведзеныя супраць «Белавіі», адхіліўшы адпаведны пазоў беларускай авіякампаніі.


Паветраны флот «Белавіі» складаецца цяпер з 13 самалётаў, сярэдні век якіх перавышае 11 гадоў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10