«Беларуснафта» інфармуе, што сёлета ў нашай краіне ўдалося здабыць ажно адзін мільён дзевяцьсот трыццаць восем тысяч тон нафты. Але гэта пакуль далёка ад лічбаў, што патрабуе Лукашэнка.
«Калі параўнаць узровень здабычы за апошнія тры гады – то мы пабачым прырост не больш чым на 2 % у параўнанні з мінулымі гадамі. Калі параўноўваць зараз непоўныя два мільёны здабычы за год, то параўнайце з лічбай за 1975 – калі было здабыта восем мільёнаў», – кажа інжынер бурэння свідравінаў Ян Маркаў.
Рэкордна павялічыліся, як кажуць, і нафтавыя запасы. Паводле «Беларуснафты», сёлета іх прырост склаў больш за семсот тысяч тонаў. Аднак з-за падаражэння расейскай нафты і заходніх санкцыяў усіх пададзеных лічбаў не хапае нават, каб забяспечыць рэнтабельнасць двух існых беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў – мазырскага і наваполацкага.
Ускладняе сітуацыю і тое, што Беларусь не мае выхаду да мора, а значыць, у пытаннях нафтавай лагістыкі вымушаная супрацоўнічаць з дзяржавамі, у якіх ёсць марскія парты.
,,«Да ўвядзення шырокамаштабных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі гэта супраца была з Літвой, яна магла быць з Польшчай, напрыклад. Беларусь па сутнасці асуджаная на расейскую нафту і на тыя запасы нафты, якія засталіся пасля таго, як у савецкія часы большасць беларускай нафты проста высмакталі з беларускіх нетраў», – тлумачыць рэдактар «Белсату», палітычны каментатар Сяргей Пеляса.
Згаданыя праблемы і стымулююць рэжым шукаць рашэнні ўнутры краіны. Гэтак, сёлета ў траўні ў Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласці адкрылі свідравіну над радовішчам нафты аб’ёмам сто пяцьдзесят дзве тысячы тонаў.

Агулам, актыўная геалагічная выведка, распрацоўванне новых радовішчаў, атрыманне спецыялістамі досведу – карысныя для галіны справы, сведчыць эксперт Ян Маркаў. Аднак:
«У нас складаныя радовішчы – ёсць вялікі ўзровень абваднення гэтых радовішчаў і павелічэнне здабычы з такіх старых радовішчаў – яно таксама нясе большыя затраты і меньшую рэнтабельнасць здабычы гэтай нафты. Таму, натуральна, здабываць можна больш. Пытанне: што мы будзем здабываць і якім коштам?»
Не дадае веры ў беларускі нафтавы цуд і прагноз аналітыкаў з Ўол-стрыт. Там чакаюць змяншэння коштаў на чорнае золата ў 2025 годзе.
,,«Эканамінча здабываць нафту ў Беларусі не вельмі выгадна. Падобная сітуацыя ва ўсім свеце. У Расеі таксама шмат нафты ёсць, але яна дарагая ў здабычы. Яна патрабуе складаных тэхналогіяў, яна далёка геаграфічна. Яе транспартыроўка шмат каштуе», – кажа Сяргей Пеляса.
Цяпер у Беларусі адкрытыя дзеяноста шэсць радовішчаў нафты. Толькі трыццаць шэсць з іх працуюць. З-за спробаў хаця б часткова выканаць указанні Аляксандра Лукашэнкі – распрацоўванне новых ці аднаўленне працы старых радовішчаў нярэдка вядзецца без увагі на бяспеку навакольнага асяроддзя. Гэтак, з-за разліваў нафты каля Рэчыцкай і Усходне-першамайскай свідравінаў ужо забруджаныя і непрыдатныя для карыстання каля пяці гектараў зямлі.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Уладзіслаў Корсак, «Белсат»