Украіна і Расея 30 снежня правялі абмен ваеннапалоннымі. Адбыўся ён на тэрыторыі Беларусі. Расейскі і ўкраінскі бакі падаюць розныя звесткі пра колькасць вызваленых.
Украіна распавядае пра 189 чалавек, якія вярнуліся з палону, Расея – пра 150.
Пасярэднікам у перамовах выступілі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Сярод украінцаў, што вярнуліся з расейскай няволі – 173 шарагоўца і сяржанта, 14 афіцэраў і дзве цывільныя асобы, што былі ўзятыя ў палон пры акупацыі Марыупалю.
Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі сцвярджае, што абмен адбыўся паводле формулы 150х150, то бок, што колькасць вызваленых з абодвух бакоў аднолькавая. Расейскія жаўнеры цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дзе ім аказваецца неабходная псіхалагічная і медычная дапамога. Далей яны будуць дастаўленыя ў Расею для праходжання лячэння і рэабілітацыі.
Сярод украінскіх былых палонных – абаронцы «Азоўсталі» і акупаванага Марыупалю, Чарнобыльскай АЭС, вострава Змяінага, двое цывільных жыхароў Марыупалю, распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Гэта быў адзінаццаты ў 2024 годзе абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй.
Папярэдні абмен адбыўся 18 кастрычніка 2024 года на мяжы Чарнігаўскай і Гомельскай вобласцяў. Тады ў Расею і Украіну вярнуліся па 95 ваеннапалонных з кожнага боку.
Марыя Міхалевіч belsat.eu