Аналітыка

Сітуацыя ў эканоміцы горшая, чым можа падацца. Чалы і Лойка пра вынікі года

нацыянальны банк
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: tochka.by
podpis źródła zdjęcia

Беларуская эканоміка вырасла на 3,9 % у студзені – лістападзе, нягледзячы на санкцыі. Улады планавалі на 2024 год рост ВУП на 3,8 %. Аднак тое, што адбываецца ў эканоміцы, цяжка назваць поспехам, расказалі Ігару Кулею ў праграме «Тыдзень» эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы і галоўная рэдактарка «Plan B» Вольга Лойка.

Беларускую эканоміку падтрымала вайна


Сяргей Чалы падкрэслівае, што даволі хуткі для беларускай эканомікі рост на 3,9 % – гэта аднаўляльны рост.


«У яго ёсць дзве галоўныя крыніцы. Гэта тое, што называюць вызваленымі нішамі ў Расеі. Праўда, гэтая крыніца росту паступова канчаецца. Нішы паспяхова займае Кітай, прычым па ўсіх напрамках – ад аўтобусаў да бытавой тэхнікі.


Другая крыніца – гэта праца на расейскі ваенпрам. Гэта вытворчасць металічных вырабаў, якія нічога не даюць, акрамя заробкаў людзям на прадпрыемствах, дзе гэтыя вырабы вырабляюць», – кажа Сяргей Чалы.


Другі пункт толькі павялічвае перакосы ў эканоміцы, падкрэслівае суразмоўца.

,,

«Улічваючы, што мы нібыта не ваюючая краіна, мы маем цалкам эканоміку ваеннага тыпу, якая працуе па прынцыпе гарматы або масла – альбо адно, альбо іншае. Калі выбралі гарматы, то ў вас будзе праблема са спажывецкім рынкам», – працягвае эксперт.


Акрамя таго, эканамічны рост на працягу года запавольваецца. Па выніках студзеня – ліпеня было 5,5%. Па выніках адзінаццаці месяцаў выйшла 3,9 %, а па выніках усяго 2024 года, верагодна, будзе яшчэ менш, лічыць Чалы.


Вольга Лойка адзначае, што Расея запавольвае і астуджвае сваю эканоміку. Гэта павінна адбіцца і на Беларусі, бо Расея – найбуйнейшы партнёр.

Галоўная рэдактарка «Plan B» Вольга Лойка ў студыі «Белсату». Варшава, Польшча, 29 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Галоўная рэдактарка «Plan B» Вольга Лойка ў студыі «Белсату». Варшава, Польшча, 29 снежня 2024 года. Фота: Белсат

«А мы свайго каня прышпорваць не перастаём і ў планах на наступны год гэтую закатаваную жывёліну прышпораць яшчэ. Гэта дрэнная ідэя, таму што конь, відавочна, не можа выдаваць больш, чым па 4 %. А планы на наступны год больш, чым на гэты. Расейскую эканоміку наўмысна запавольваюць. На што мы разлічваем у дадзеным выпадку, мне сказаць складана», – кажа Лойка.


«Belgee» не ўратуе


Тым не менш, пакуль што ўладам можна выхваляцца – беларуска-кітайскія аўтамабілі маркі «Belgee», якія збіраюць у Беларусі, увайшлі ў топ-10 аўтамабіляў, якія купляюць у Расеі. Сяргей Чалы лічыць, што выбар збіраць менавіта «Geely» быў удалым, паколькі ў расійскіх аўтавытворцаў пакуль не атрымліваецца дамагчыся поспехаў з іншымі кітайскімі брэндамі, якія яны хацелі б збіраць у сябе.

Эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы. Скрыншот з відэа: Чалый LIVE / YouTube
Эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы. Скрыншот з відэа: Чалый LIVE / YouTube

Вольга Лойка больш скептычная. Яна падкрэслівае, што з аўтобусамі і грузавікамі таксама ўсё так сама пачыналася.


«Цяпер у Расеі ёсць затавараныя склады, таму што кітайскія вытворцы трохі пераацанілі рынак. Што будзе ў выніку пасля першага квартала наступнага года з улікам утыльсбораў і іншых фактараў, сказаць складана.


Тым больш, што Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным намякаў, што ў нас ёсць нейкія пытанні. І гаворка ішла менавіта пра аўтамабілебудаванне. Таму я не здзіўлюся, калі кітайскія вытворцы, як у выпадку з аўтобусамі, грузавікамі, лядоўнямі і іншымі таварамі, змогуць усё ж пасунуць беларускіх суродзічаў», – кажа Вольга Лойка.


Высокая прыхаваная інфляцыя і схемы па захаванні ЗВР


Яшчэ адзін вынік года ў эканоміцы, які выглядае пазітыўна – гэта золатавалютныя рэзервы. Яны на максімуме за апошнія 4 гады і да 1 снежня склалі $8 млрд 795 млн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Індэкс аліўе ад «Белсату» другі год запар моцна абганяе афіцыйную інфляцыю ў Беларусі

Аналітыка

Нягледзячы на тое, што курс долара моцна рос апошнім часам, Нацбанк не стаў прадаваць рэзервы, каб падтрымаць беларускі рубель.


«Для мяне гэта здаровы сігнал, – кажа Вольга Лойка. – Нацбанк жа павінен яшчэ нешта магчы. Мы ўжо бачылі многія рэчы, дзе ён не можа што-небудзь зрабіць альбо не ўмешваецца – у плане антыманапольнай палітыкі, інфляцыйных чаканняў. Вось, пакінулі яму золатавалютныя рэзервы.


Іх на самай справе не шмат у ліквідным выглядзе [гэта значыць іх нельга хутка атрымаць і выдаткаваць. – Заўв. рэд.]. Выдаткаваць іх цяпер на падтрыманне курсу – гэта быў бы зусім дрэнны сігнал».


Сяргей Чалы нагадвае, што Беларусь не плаціць па сваіх знешніх даўгах валютай, у якой гэтыя даўгі браліся. Спасылаючыся на санкцыі, замежным крэдыторам і інвестарам прапануюць узяць беларускія рублі са спецыяльных рахункаў у «Беларусьбанку».

,,

«Тады, вядома, у вас золатавалютныя рэзервы не ўпадуць, але гэтыя даўгі нікуды ж не дзеліся. Гэта вынік нейкай фінансавай алхіміі больш, чым сур'ёзных эканамічных трэндаў», – кажа Чалы.


Таксама Ігар Кулей звяртае ўвагу на рост цэн. «Белсат» традыцыйна робіць індэкс «Аліўе», каб праверыць узровень інфляцыі. Паводле афіцыйных звестак, інфляцыя складае 5 %. У нас атрымалася, што салат «Аліўе» з самых танных прадуктаў падаражэў за год на 9,6 %.


«Гэта сведчыць пра тое, што спадар Багданаў [міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю. – Заўв. рэд.] з яго спробай трымаць цэны рукамі не ўтрымлівае іх. Уласна, ваш індэкс супадае з афіцыйным плюс навес інфляцыі, які лічыць BEROC», – кажа Вольга Лойка.


Сяргей Чалы згодны, што сапраўдная інфляцыя складала б каля 9 – 10%, калі б яе штучна не стрымлівалі. Пакуль рост цэн стрымліваецца за кошт вытворцаў і прадаўцоў, якія вымушаныя зарабляць менш.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10