Прадстаўніцтвы Аб’яднанага пераходнага кабінету адсправаздачыліся пра вынікі сваёй працы ў 2024 годзе. Што ж яны зрабілі?
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні распавяло, што ў гэтым годзе працягнула падтрымку міжнароднай сеткі беларускіх школаў выходнага дню, а таксама Беларускага інстытуту публічнай гісторыі, арганізацыйных групаў па стварэнні Беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэту, Інстытуту беларускай мовы, Інстытуту беларускай кнігі і іншых ініцыятываў.
Акрамя таго:
• Адвакатаваліся інтарэсы беларускай грамадзянскай супольнасці ў адукацыйнай і культурніцкай сферы падчас дзясяткаў сустрэчаў з прадстаўнікамі Міністэрстваў культуры Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Харватыі, Швецыі, Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, Міністэрства вышэйшай адукацыі і навукі Польшчы, Міністэрства адукацыі Нямеччыны, амбасадаў Канады, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Нідэрландаў, Ірландыі і інш.
• Прадстаўлялася праблематыка нацыянальнага адраджэння і развіцця на міжнародным узроўні ў межах Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША», Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕЗ», канферэнцыі «Люксембургскія рашэнні», форуму ПАРЕ Helsinki Dialogue, Берлінскага форуму «Будучыня Беларусі» і інш.
• Былі арганізаваныя антыканференцыя Belarusian ID Revival Days, экспертны форум па моўнай палітыцы, круглы стол па дэкамунізацыі, інфакампанія ў Варшаве пра сітуацыю ў Беларусі, святкаванне Дню Волі ў Варшаве, нацыянальная дыктоўка да Дню роднай мовы, святкаванне Дню герояў і гераіняў, святкаванне 100-годдзя юбілею народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і інш.
• Праведзены конкурс «10 стыпендыяў Адраджэння».
Вынікі працы Прадстаўніцтва па моладзевай палітыцы і студэнцтве, якое ўзначальвае Маргарыта Ворыхава:
• Адбыўся запуск платформы «This Is Youth» для моладзі thisisyouth.info, на якой акумуляваная інфармацыя аб магчымасцях для навучання і агулам аб падтрымцы маладых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі і за яе межамі.
• Беларуская моладзевая праблематыка працягвае прасоўвацца на міжнародных пляцоўках: за апошнія тры месяцы Прадстаўніцтва прыняло ўдзел у больш чым 20 міжнародных падзеях, а таксама ў сустрэчах з удзелам прадстаўнікоў Рады Еўропы, Еўрапейскай камісіі і інш.
• Вядзецца праца па пытаннях прызнання адукацыі і настрыфікацыі дакументаў беларускіх студэнтаў за мяжой: збіраліся адпаведныя запыты, праводзіліся кансультацыі, распрацоўваліся рэкамендацыі і інш.
• Праведзена больш за 50 індывідуальных кансультацыяў, запытаных самімі маладымі людзьмі, а таксама арганізаванае пастаяннае ўзаемадзеянне з моладзевымі арганізацыямі па прынцыпе «па меры патрэбы».
Што зрабіла Прадстаўніцтва па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве?
• Была працягнутая праца па ўзмацненні інстытуцыянальнага ўзаемадзеяння беларускіх дэмакратычных сілаў з вядучымі міжнароднымі партнёрамі: адбыліся канструктыўныя сустрэчы ў межах Кантактнай групы з Радай Еўропы, Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША», Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕЗ».
• Праведзеныя палітычныя кансультацыі дэмакратычных сілаў Беларусі з урадам Канады, вядзецца падрыхтоўка да паглыбленнага дыялогу з шэрагам іншых краінаў.
• Падпісаны Ліст аб супрацоўніцтве з Еўрапарламентам, першы дакумент такога роду паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і афіцыйным замежным палітычным органам.
• Пачаўся палітычны дыялог з НАТО: Святлана Ціханоўская сустрэлася з генсакратаром арганізацыі і правяла брыфінг для пастаянных прадстаўнікоў усіх краінаў-удзельніц Альянсу, выступіла перад Парламенцкай асамблеяй НАТО.
• Пашыраецца спіс спецпасланнікаў па Беларусі – адмысловых дыпламатычных прадстаўнікоў замежных краінаў, якія падтрымліваюць адносіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а не з рэжымам Лукашэнкі.
• Ціханоўская ўпершыню стала спецыяльнай госцяй міністэрскага саміту G7 у Італіі і сесіі Паўночнай рады ў Ісландыі, узяла ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Лондане, дзясяткаў іншых міжнародных падзеяў высокага ўзроўню.
Марыя Міхалевіч belsat.eu